Супрацоўнікамі крымінальнага вышуку Партызанскага РУУС Мінска затрыманая 35-гадовая жыхарка сталіцы, якая знаходзілася на дзявятым месяцы цяжарнасці. Яна падазраецца ва ўчыненні крадзяжу з сацыяльна-педагагічнага цэнтра.
Як паведамляе ГУУС Мінгарвыканкама, у сацыяльна-педагагічны цэнтр цяжарная жанчына звярнулася па кансультацыю наконт магчымасці зняцця ранейшай судзімасці за крадзеж. Пасля абмеркавання прававых пытанняў, з улікам яе становішча, будучай маці прапанавалі паглядзець гуманітарную дапамогу для таго, каб выбраць патрэбныя ёй рэчы.
Каб не перашкаджаць, работнік цэнтра выйшла з кабінета. Калі яна вярнулася праз чвэрць гадзіны, у кабінеце ўжо нікога не было. Практычна адразу супрацоўніца цэнтра выявіла знікненне з яе сумачкі кашалька. У ім было 210 долараў ЗША, 800 тыс. рублёў і банкаўскія карткі.
Падчас правядзення вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікамі крымінальнага вышуку падазроная ў крадзяжы была затрыманая. Яна прызналася, што забрала грошы, а кашалёк выкінула. Пры гэтым частка грошай была ўжо патрачаная, а кашалёк знайшоўся ў кантэйнеры для смецця.
У дачыненні да падазронай распачатая крымінальная справа за крадзеж. Ёй пагражае пазбаўленне волі да 4 гадоў.





