4 мая ў раённым цэнтры ў выніку перакульвання надзіманага атракцыёна ў Горках цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці атрымалі дзевяць дзяцей ва ўзросце ад 2,5 да 10 гадоў. Першапачаткова яны былі шпіталізаваныя ў Горацкую раённую бальніцу.

Потым адно дзіця было выпісана, трое найбольш пацярпелых пераведзены ў траўматалагічнае аддзяленне Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы, астатнія пяць працягваюць лячэнне ў Горках.

У дачыненні да індывідуальнага прадпрымальніка з Быхава, якому належыць атракцыён, распачата справа па арт. 338 КК «Выкананне работ або аказанне паслуг, якія не адпавядаюць патрабаванням бяспекі». Асноўная версія прычыны НЗ: надзіманы манеж не быў належным чынам замацаваны.

Як было адзначана на нарадзе з удзелам старшыні СК Валянціна Шаева, якая прайшла 5 мая ў Горацкім райвыканкаме, на грунце слядоў мацавання батута выяўлена не было. Следчыя прызначылі дзевяць судова-медыцынскіх экспертыз па вызначэнні ступені цяжкасці цялесных пашкоджанняў у дзяцей. Таксама прызначана глебазнаўчая экспертыза па даследаванні грунту на канфіскаваных калках, якімі павінен быў мацавацца манеж. Паводле слоў прадстаўніка следства, калкі не адпавядаюць па дыяметры вяроўкам, якія да іх павінны былі прывязвацца. Сам жа батут важыць 400 кг.

Паводле наяўных у Следчага камітэта зветак, прадпрымальнік з Быхава меў ліцэнзію на аказанне гэтага віду паслуг, а таксама дагавор з горацкім маладзёжна-падлеткавым цэнтрам «Імпульс» на правядзенне сумесных мерапрыемстваў. Аднак 4 мая «Імпульс» не праводзіў мерапрыемствы ў двары дома № 30 па вуліцы Вакзальнай, дзе прадпрымальнік паставіў свой атракцыён.

Затрыманы прадпрымальнік сцвярджае, што замацоўваў атракцыён, аднак даказаць свае словы пакуль не змог, адзначыў на нарадзе прадстаўнік следства. Вырашаецца пытанне пра абранне для яго меры стрымання. Канфіскаваны прадметы, звязаныя са здарэннем. У прыватнасці, накладзены арышт на маёмасць падазронага на агульную суму 115 млн. рублёў, у прыватнасці, на аўтамабіль «Форд-транзіт» і прычэп да яго.

Шаеў звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць бяспечнай эксплуатацыі забаўляльных дзіцячых атракцыёнаў, асабліва напярэдадні летняга сезона, бо няшчасныя выпадкі з дзецьмі раней таксама мелі месца.

«Летась падобная сітуацыя была ў Ляхавічах. Там хлопчык выпаў з кабіны атракцыёна і атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні. Быў абвінавачаны і асуджаны аператар атракцыёна, які дзейнічаў непрафесійна. Таксама падобная сітуацыя была ў Баранавічах. Там трое дзяцей упалі з арэляў на тэрыторыі цырка, калі абарваўся трос. У Пружанах у аквапарку патанула малалетняе дзіця. Была ўстаноўлена віна настаўніка і трэнера», — сказаў ён. Паводле слоў Шаева, ён палічыў важным для сябе прыехаць у Горкі, каб разабраць сітуацыю на месцы. Кіраўнік СК паведаміў, што ўзяў расследаванне крымінальнай справы пад асабісты кантроль.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?