Жанр: драма, камедыя
Рэжысёр: Рубен Эстлунд
У ролях: Ёханэс Кунке, Ліза Ловен Конгслі, Вінсэнт Ветэрген, Клара Ветэрген, Крыстафер Хів’ю, Фані Метэліус, Карын Мірэнберг, Брэйдзі Корбет
Швецыя, Францыя, Данія, Нарвегія, 120 хв.
Адзнака: 7
Сям’я са Швецыі адпачывае на альпійскім горным курорце: бізнэсмен Томас, яго жонка Эбі і двое дзяцей. На другі дзень кантраляваная снежная лавіна выходзіць з-пад кантролю — і снежны пыл засыпае сям’ю падчас сняданку.
Томас у паніцы ўцякае, пакінуўшы жонку і дзяцей. Ніхто з іх не пацярпеў, і праз пару хвілін ён вяртаецца. Баязлівасць мужа і нежаданне прызнаць сваю памылку нараджае канфлікт у сям'і.
Рэжысёр і аўтар сцэнара Рубен Эстлунд падчас стварэння чарговай драмы натхняўся ролікамі з YouTube. У прыватнасці, так у сцэнары з’явілася снежная лавіна, якая дала штуршок гэтай гісторыі. Там жа рэжысёр знайшоў музычнае афармленне — выкананую на акардэоне тэму з «Лета» Вівальдзі.
Стужка адзначаецца няспешным рытмам і статычнымі планамі горнага курорта і мізансцэн.
Сцэны істэрык спачатку жонкі, а пасля мужа спецыяльна зацягнутыя, рэжысёр прапануе з іроніяй паставіцца да стыхійнага канфлікту. Яго цэнтральная тэма — неабходнасць праявы мужнасці ў некаторых сітуацыях ва ўмовах гендарнай роўнасці.
Здымкі адбываліся ў французскіх Альпах, а заключныя сцэны знятыя на маляўнічай горнай шашы ў паўночнай Італіі — Стэльвіа.
Стужка была высока ацэненая сусветнымі кінакрытыкамі. Яна атрымала нацыянальную ўзнагароду Швецыі «Залаты жук — 2014» як найлепшы фільм, а таксама была паказаная на Канскім кінафестывалі ў праграме «Асаблівы погляд», дзе атрымала прэмію журы. Гэты ж фільм прадстаўляў Швецыю на «Оскары» (фільм на замежнай мове). Фільм рэкамендуецца аматарам арт-хаўзу і еўрапейскага кіно.





