У Францыі разгараецца новы скандал з нагоды нашэння рэлігійных сімвалаў і адзення пасля таго, як 15-гадовую школьніцу-мусульманку не пусцілі на ўрокі у доўгай чорнай спадніцы.

Дзяўчынка па імі Сара, якая жыве ў горадзе Шарлевіль-Мэзьер на паўночным усходзе Францыі ў рэгіёне Шампань-Ардэны, двойчы ў красавіку была адпраўленая са школы дадому, паколькі, па словах дырэктара школы, яе доўгая спадніца парушае забарону на дэманстрацыю рэлігійных сімвалаў ў навучальных установах.

Гэты выпадак выклікаў вельмі бурную рэакцыю ў сацсетках.

З аўторка хэштэг #JePorteMaJupeCommeJeVeux («Нашу спадніцу, якую хачу») набраў больш за 45 000 твітаў.

Дарадца прэм'ер-міністра па свецкіх справах Нікаля Кадэн сказаў з гэтай нагоды, што нашэнне доўгай чорнай спадніцы ў школе не парушае існуючага закона.

Забарона на нашэнне мусульманскіх галаўных убораў і іншых рэлігійных сімвалаў была ўведзеная ў дзяржаўных школах Францыі ў 2004 годзе, што большасцю насельніцтва было ўспрынята на «ўра», улічваючы той факт, што ў Францыі царква па законе аддзеленая ад дзяржавы.

«Закон 2004 года абвяшчае, што забароненыя сімвалы і адзенне, якія дэманструюць рэлігійную прыналежнасць. Гаворка ідзе пра чадру, кіпу, вялікі крыж, турбан сікхаў… Чорная спадніца не супярэчыць закону», — сказаў Нікаля Кадэн у інтэрв'ю Buzzfeed France.

Аднак крытыкі гэтага закона заяўляюць, што некаторыя школы занадта вольна інтэрпрэтуюць гэтую забарону.

Паводле паведамленняў мясцовай прэсы, у сакавіку гэтага года ад васьмярых дзяўчынак з горада Манпелье на поўдні Францыі школьная адміністрацыя запатрабавала змяніць іх доўгія спадніцы на іншую вопратку.

Арганізацыя супраць ісламафобіі ў Францыі (CCIF) рапартуе аб 130 падобных інцыдэнтах, якія адбыліся летась у краіне.

У 2011 годзе Францыя стала першай еўрапейскай краінай, якая забараніла нашэнне ў грамадскіх месцах паранджы — чорнага вэлюму, якое цалкам закрывае твар, рукі і постаць жанчыны.

Пераважная большасць насельніцтва краіны, уключаючы і вялікую частку мусульман, згодныя з тым, што закрыванне твару з'яўляецца свайго роду выклікам звычаям і каштоўнасцям французаў. Крытыкі ж — у асноўным, за межамі краіны — сцвярджаюць, што забарона нашэння паранджы парушае індывідуальныя свабоды.

У ліпені мінулага года Еўрапейскі суд па правах чалавека падтрымаў гэтую забарону пасля таго, як 24-гадовая францужанка падала пазоў, сцвярджаючы, што гэты закон парушае яе асабістыя свабоды — веравызнання і самавыяўлення.

У Францыі пражывае самая шматлікая мусульманская супольнасць Еўропы: яе колькасць дасягае 5 млн чалавек. Сярод іх, як мяркуюць, парадку 2000 працягваюць насіць паранджу.

Закон 2004 года павінен быў раз і назаўжды вырашыць праблему нашэння рэлігійных знакаў у школе. І можна сказаць, што гэта атрымалася ў тым, што тычыцца ісламскіх галаўных убораў. Сёння ніхто іх не носіць. Аднак праблема нікуды не падзелася: яна толькі перавандравала ў сферу даўжыні спадніц для дзяўчынак і нашэння барод для юнакоў.

Можа здацца несур'ёзным, што акадэмічныя ўстановы збянтэжаныя даўжынёй спадніц па шчыкалатку, якія то ўваходзяць, то выходзяць з моды.

Але кіраўнікоў школ турбуюць, вядома, не самі спадніцы, а тое, што яны апранаюцца з пэўнай мэтай.

Калі мусульманскія дзяўчынкі стануць насіць доўгія спадніцы, каб такім спосабам падкрэсліць сваё веравызнанне, то некаторыя сапраўды могуць сказаць, што гэта з'яўляецца парушэннем забароны, уведзенай 11 гадоў таму.

Небяспека таксама і ў тым, што цяпер, калі напружанасць у грамадстве наконт ісламафобіі і свецкіх каштоўнасцяў і без таго ўжо дастаткова моцная, пры дапамозе сацсетак гэтае пытанне выліваецца ў агульнанацыянальную праблему.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?