Даследчыкі Кардыфскага ўніверсітэта знайшлі патэнцыйную прычыну бранхіяльнай астмы, пра што распавядаюць у часопісе Science Translational Medicine.

Эксперыменты на мышах і людзях выявілі пэўныя раздражняльнікі, што вымушаюць кальцый-чуйныя рэцэптары (CaSR) выклікаць сімптомы астмы: запаленне і гіперрэактыўнасць дыхальных шляхоў.

Цяпер, калі дакладна вядомыя трыгеры астмы, навукоўцы прапануюць лекаванне праз прэпараты, вядомыя як кальцытыкі, што былі распрацаваныя 15 год таму для лекавання астэапарозу. Гэты клас лекаў можа зняць практычна ўсе сімптомы астмы, «адключыўшы» кальцый-чуйныя рэцэптары.

Наступная мэта навукоўцаў — даказаць, што кальцытыкі бяспечныя пры ўздзеянні наўпрост на лёгкія чалавека. Калі пабочныя эфекты не будуць знойдзеныя, астму можна будзе перамагчы ў бліжэйшыя пяць год.

***

Сёння ад бранхіяльнай астмы церпяць каля 300 млн чалавек па ўсім свеце. Вылекаваць яе сучаснымі сродкамі немагчыма — хворыя на астму выкарыстоўваюць інгалятары і іншыя прэпараты, што толькі на пэўны час прыбіраюць яе сімптомы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?