Як паведамляе карэспандэнт «Нашай Нівы» з памежнага пераходу «Варшаўскі мост» з Брэста, польскі бок не прапусціў групу з 10 расійскіх байкераў на сваю тэрыторыю. У Польшчу прапусцілі толькі аднаго расійскага байкера (Шэрыфа), які сказаў, што да «Начных ваўкоў» не належыць.

Астатніх удзельнікаў мотапрабегу вярнулі ў Беларусь. Журналісты і расійскія дыпламаты чакалі іх з беларускага боку мяжы. На расіянах — гіганцкага памеру георгіеўскія стужкі, з сабой — расійскія трыкалоры. Байкеры пад'ехалі пад гучнамоўную песню «День Победы».

Расіяне распавялі, што іх візы не былі ануляваныя, аднак на мяжы ім сказалі «сёння вы не праедзеце». Анулявалі візу толькі аднаму з арганізатараў прабегу — Андрэю Баброўскаму, ён унесены ў санкцыйны спіс. Па словах байкераў, на памежным пераходзе з польскага боку прысутнічаў узброены аўтаматамі спецназ. Увагу польскіх памежнікаў асабліва звярнулі савецкія сцягі, якія былі ў машыне суправаджэння. Палякі сфатаграфавалі іх. Удзельнікі мотапрабегу маюць намер абскардзіць адмову ва ўездзе, а сёння мяркуюць адпачываць у Брэсце.

Інфармацыю пра тое, што групе байкераў адмоўлена ва ўездзе, пацвярджаюць польскія СМІ.

На пытанне аб тым, ці належыць адзіны прапушчаны байкер да клуба «Начныя ваўкі», ён адказаў: «Я з мемарыялу Славы і Перамогі». З польскага боку яго сустракалі 30 польскіх байкераў з руху «Катынскі рэйд», а таксама некалькі актывістаў прарасійскіх арганізацый.

Па словах прадстаўніка «Начных ваўкоў», яны згубілі ў гэтай паездцы разам 600 тыс. расійскіх рублёў (11 500 даляраў).

Ён зазначае, што іх візы не ануляваныя, проста было сказана, што ўезд у краіну не пажаданы.

Байкеры зазначаюць, што не ведаюць, што рабіць далей. Яны кажуць, што можа паспрабуюць ехаць праз Літву, або праз Фінляндыю.

Прадстаўнік «Катынскага рэйду» Віктар Венгжын у гутарцы з журналістамі «Газеты выборчай» назваў польскія ўлады «бандай няўдачнікаў і зладзеяў». Ён заявіў, што інфармацыю пра ўдзел «Начных ваўкоў» у анексіі Крыма маглі прыдумаць «хлуслівыя польскія медыя».

Прыкладна ў 15.40 байкеры пачалі ад'язджаць ад мяжы. Па іх словах, яны накіраваліся да расійскага консула ў Брэсце, а заўтра ў консульстве РФ а 12-й гадзіне адбудзецца іх прэс-канферэнцыя.

Звяртае ўвагу, што разрэкламаваны рэйд расійскіх байкераў на Берлін праходзіць без размаху, уласцівага «паходам на Севастопаль» у гады, што папярэднічалі захопу паўвострава Расіяй. У рэйдзе на Берлін пакуль бяруць удзел толькі 11 чалавек на 10 матацыклах. Сярод іх — ніводнага беларуса.

Нешматлікую групу ўчора на Кургане Славы вітаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Бузоўскі пад дзяржаўнымі сцягамі. Паралельна ў Мінску былі арганізаваныя ўласнабеларускія акцыі памяці вайны з удзелам матацыклістаў і памочніка прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы Віктара Лукашэнкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?