Youtube-блог «Берасцейская кухарачка» вучыць гатаваць смажаніну з качак ці каўбасы ў піве. Відэа здымаюць дзве дзяўчыны з Брэста, сёстры Алена і Вольга Талатынік.

«Алена з дзяцінства захапляецца кулінарыяй. У дзевяць гадоў самастойна прыгатавала сваю першую страву – пончыкі, — паспавядае Вольга. — Мне цікава здымаць і апрацоўваць відэа. Часам можа завітаць хтось з сяброў, каб паўдзельнічаць у кулінарных эксперыментах».

Большасць відэа на канале прысвечаная рэцэптам з «Літоўскай кухаркі» — першай беларускай кулінарнай кнігі, ўпершыню выдадзенай у 1854 годзе.

«Гэта вельмі цікавы эксперымент — прыгатаваць тагачасныя стравы ў сучасных умовах, — кажа Вольга. — Не кожны на гэта адважыцца, але многім цікава, якая страва ў выніку атрымаецца».

Дзяўчаты плануюць навучыць гледачоў і гатаванню некаторых сучасных страў. Напрыклад, сябры наказалі абавязкова зрабіць відэа пра дэсерт тырамісу, якім іх частуе Алена.

«Звычайна не хапае часу, каб гатаваць, таму ў штодзённым жыцці ежа больш простая, — прызнаецца Вольга. — Пельмені з крамы можа і не, ядзім больш салаткі з гародніны ды садавіну».

Алена і Вольга плануюць выкладваць відэа кожны чацвер да канца года: «А там ужо паглядзім, калі будзе час і натхненне, то працягнем».

Апрацоўка відэа займае збольшага некалькі гадзін, а вось самі здымкі — па-рознаму.

«Звычайна Алена за сталом, а я за камерай, — тлумачыць Вольга. — Зразумела, што па-за кадрам мы гатуем разам, каб паскорыць працэс».

Дзяўчаты наракаюць: сёння бракуе не толькі беларускамоўнага кантэнту пра беларускую кухню. У іх планах і англамоўнае відэа. «Калі яшчэ можна трапіць на нейкія англамоўныя артыкулы беларускіх навукоўцаў і даследчыкаў беларускай кухні, то з відэа ўсё значна цяжэй», — кажа Вольга.

На думку Вольгі, замежнікі напраўду цікавяцца Беларуссю і яе традыцыямі, таму англамоўныя відэа лічаць вартай справай.

«Мы любім падарожнічаць, хоць і не так часта можам гэта сабе дазволіць, — распавядае Вольга. — Падчас вандровак размаўляем з людзьмі розных краін. Высвятляецца такая тэндэнцыя, што інфармацыя пра нашу краіну вельмі абмежаваная. Людзям цікава, якія мы, беларусы, якія ў нас адметнасці, асаблівасці, чым адрозніваемся ад нашых суседзяў, якія традыцыі, як мы жывем, якая наша беларуская музыка і, канешне, якія нашы беларускія стравы».

Вядома, відэа робяцца на чыстым энтузіязме. «Можа, мацёрыя відэаблогеры і зарабляюць немалыя грошы, але нам пакуль, а нейкіх заробках гаварыць не прыходзіцца», — смяецца Вольга.

Глядзіце таксама:

«Наша страва»: гатуем локшыну з мёдам і малаком

«Наша страва»: засвой лапуны за 2 хвіліны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?