Адкліканы з парламента законапраект аб прыватызацыі, згодна з якім прадстаўнікі дзяржавы маглі б прызначацца нават у тыя акцыянерныя таварыствы, створаныя ў працэсе прыватызацыі, у якіх няма долі дзяржавы.
Паводле інфармацыі БелаПАН, дакумент адкліканы паўтара месяца таму і не будзе разглядацца на вясенняй сесіі Палаты прадстаўнікоў.
Законапраект аб прыватызацыі ў першым чытанні быў прыняты ніжняй палатай беларускага парламента ў чэрвені 2013 года. Гэта падзея выклікала шырокі рэзананс.
Прадугледжвалася, што дзяржпрадстаўнікі змогуць прыпыняць выкананне рашэнняў агульнага сходу акцыянераў у выпадку, «калі рэалізацыя гэтых рашэнняў супярэчыць грамадскай карысці і бяспецы, наносіць урон навакольнаму асяроддзю, ушчамляе правы і інтарэсы іншых асоб, якія абараняюцца законам».
Прадстаўнікі бізнесу і міжнародных фінансавых арганізацый неаднаразова звярталіся ва ўрад, выказваючы занепакоенасць законапраектам, і прапаноўвалі не прымаць гэты дакумент.
Так, члены Кансультатыўнага савета па замежных інвестыцыях пры Савеце міністраў звярталіся да прэм'ер-міністра Беларусі і даказвалі, што прыняцце законапраекта адмоўна ўплывае на дзелавы клімат у краіне.
«Магчымасць накладання чыноўнікамі забароны на шэраг рашэнняў акцыянерных таварыстваў па сутнасці азначае вяртанне да сітуацыі, аналагічнай існаванню адмененага яшчэ ў 2008 годзе інстытута «залатой акцыі», — гаварылася ў лісце, якое кансультатыўны савет у сувязі з падрыхтоўкай законапраекта накіроўваў ва ўрад.
У 2014 годзе прадстаўнікі Дзяржкаммаёмасці заяўлялі, што ў сувязі з крытыкай з боку бізнес-супольнасці ў законапраект аб прыватызацыі планавалася ўносіць істотныя змяненні.





