Сінегнойная палачка-«зомбі». Фота: CDC/ Janice Haney Carr/ Wikimedia Commons
Ізраільскія навукоўцы заўважылі, што забітыя нітратам срэбра клеткі сінегнойнай палачкі праяўляюць антыбактэрыяльныя ўласцівасці супраць сваіх жывых братоў, распавядае N+1. Даследаванне апублікаванае ў часопісе Scientific Reports.
«Эфект зомбі», як яго назвалі навукоўцы, праявіўся ў тым, што асадак ад мёртвых клетак забіваў жывыя клеткі так жа эфектыўна, а пры нізкіх канцэнтрацыях пачатковай дозы нават больш эфектыўна за ўласна асяроддзе з часцінкамі срэбра.
Гэты эфект звязваюць з прынцыпам Ле-Шатэлье, паводле якога пры ўзнікненні ў раўнаважнай сістэме сіл, што мяняюць гэтую раўнавагу, утвараюцца і супраціўныя працэсы.
Асадак з атручаных срэбрам клетак выкідае залішак срэбра ў асяроддзе, каб аднавіць з ім раўнавагу, і такім чынам забівае жывыя клеткі.
«Зомбі-апакаліпсіс» быў заўважаны падчас пошуку тлумачэння высокай працягласці антыбактэрыяльнага эфекту срэбра. Эфект срэбра даўно вядомы ў навуцы: цяжкі метал ўтварае трывалыя комплексы з бялкамі клетак і парушае іх функцыянаванне. Срэбра выкарыстоўваецца для абеззаражвання ран і ў адмысловых антыбактэрыяльных бінтах.





