Калі б у мяне запыталіся, што рабіць з гаротнымі нашымі замкамі, я б параіў засыпаць іх пяском. Менавіта так могуць вырашыцца дзве самыя важныя праблемы. Першая — пад тоўшчай пяску замкі лёгка ператрываюць некалькі сотняў гадоў. Другая — перастануць, параненыя часам і рэстаўратарамі, палохаць жыхароў. Тады нарэшце сцішацца гнеўныя праведнікі, якія, не разумеючы сутнасці, заклікаюць то да хутчэйшага «навуковага выратавання», то да пакарання шкоднікаў-рэстаўратараў.

І, можа, тады, у цішы і спакоі, народзяцца нарэшце ўдумлівыя праекты — не, крый божа, не аднаўлення (бо як жартуюць рэстаўратары, бессэнсоўна аднаўляць шкілет Чапаева ў 12-гадовым узросце), але новага пазітыўнага выкарыстання.

А пакуль дзяржаўная праграма «Замкі Беларусі» больш нагадвае сюжэт старога савецкага жарта пра вагон з забітымі вокнамі, які стаіць на месцы, а каб у пасажыраў паўставаў эфект падарожжа, нехта звонку яго ўвесь час трасе. Вагон, які нікуды не едзе.

Вы толькі паслухайце: валанцёраў баяцца пускаць кансерваваць Крэўскі замак з-за небяспекі яго забурэння; затое на вежу Любчанскага замка ўжо паспелі паставіць купал ад… Гарадзенскага (дакладна такі як з гравюры Горадні 1612 г.); на Наваградскім замку адрэстаўравалі руіну да стану… навюсенькай руіны; Быхаўскі замак ушчэнт разрабавалі самі быхаўцы, прычым усяго за 10 гадоў.

Кажуць: нам патрэбныя турысты. Вось адбудуем замкі, паплывуць турысты — і зажывём! Турызм стаўся рэлігіяй, мантрай для паўтарэння ў хвіліны няпэўнасці. Хоць забываецца, што, каб адчуць хаця б які эканамічны эфект ад развіцця турызму, падарожнікі мусяць правесці ля замка самае меншае ноч. У гэтым сэнсе нават у суперраскручаным Нясвіжы «сапраўдных» турыстаў вобмаль.

Але ці не важней было б аднаўляць замкі не для выпадковых наведнікаў, а для саміх жыхароў, пад іх актуальныя праблемы? Не ладзіць карнавалы ды псеўдагістарычныя Дыснэйлэнды, а фарміраваць новую прастору з сацыяльнымі функцыямі? Мо і не надта патрэбныя ў Ружанах, Быхаве, Смалянах новыя музеі «рыцарскай славы». А вось паліклінікі, навучальныя ўстановы, нарэшце — гаспадарчыя аб’екты. Чаму не?

У пэўнай сітуацыі замак сапраўды можа граць ролю цягніка ў павышэнні якасці жыцця ў горадзе. Аднак каб гэта сапраўды адбылося, неабходна праектаваць не толькі архітэктурна-будаўнічую, але і сацыяльную частку рэстаўрацыі.

На жаль, сёння лакальныя супольнасці, мясцовыя ініцыятывы практычна выключаныя з удзелу ў лёсе такіх «горадааўтваральных» культурных аб’ектаў, як замкі. Яны не належаць супольнасцям. Ды што там, яны часта не належаць нават мясцовым органам улады.

Рашэнні па іх прымаюцца і зацвярджаюцца ў Мінску ды абласных цэнтрах. Урэшце сталічныя тураператары прывозяць туды турыстаў для мімалётнага агляду, выключаючы мясцовыя гатэлі і кавярні са свайго маршруту. Шэраг рэстаўрацыйных праектаў часам нават пагаршае сітуацыю, раздзіраючы і так няшчыльныя сувязі мясцовых жыхароў з іх спадчынай.

Складана, кажаце? Хто будзе распрацоўваць гэтыя новыя канцэпцыі? І навошта, калі састарэлыя раялі даўно счакаліся ў кустах? Таму і кажу: сыпце пясок, шмат пяску, каб цалкам схаваць руіны пад ім. А на гару пасадзіць дзяцей. Хай гуляюцца. Мо вырастуць, адкапаюць і ў новай Беларусі будзе ім справа да сацыяльнага вымярэння спадчыны й рэстаўрацыі. Да таго ж пясочніца — першае месца дзіцячай сацыялізацыі, трэнажор пазітыўнай камунікацыі ды партнёрства. Вось і карысць!..

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0