Часопіс Fortune склаў рэйтынг «Найвялікшыя лідары свету». У яго трапілі 50 уплывовых палітыкаў, бізнесоўцаў і філантропаў.

Першае месца ў рэйтынгу заняў Цім Кук, гендырэктар Apple. На думку рэдакцыі часопісу, Кук выдатна спраўляецца з роляй пераемніка Стыва Джобса.

На выбар рэдакцыі паўплывала і яго прызнанне ў гомасэксуальнасці.

Часопіс асобна апублікаваў вялікае інтэрв’ю з Кукам. У ім гендырэктар Apple распавёў, што плануе ахвяраваць усе свае грошы на дабрачыннасць — яго асабістая маёмасць ацэньваецца ў 120 млн даляраў, яшчэ ў 665 млн ён мае акцыямі. Цалкам аддаць грошы ён плануе пасля таго, як аплоціць каледж свайму пляменніку (якому зараз 10 год) і распрацуе сістэмны падыход да дабрачыннасці.

Дзясятка найвялікшых сусветных лідараў:

  1. Цім Кук, гендырэктар Apple.
  2. Марыа Драгі, кіраўнік Еўрапейскага Цэнтрабанку.
  3. Сі Цзіньпін, старшыня Кітая, генсек ЦК кітайскай кампартыі.
  4. Папа Францішак, кіраўнік каталіцкай царквы.
  5. Нарэндра Модзі, прэм’ер-міністр Індыі.
  6. Тэйлар Свіфт, спявачка.
  7. Джоан Ліў, кіраўнік «Лекараў без межаў».
  8. Джон Робертс, старшыня Вярхоўнага суду ЗША.
  9. Мэры Бара, гендырэктар General Motors.
  10. Джошуа Вонг, адзін з арганізатараў «Рэвалюцыі Парасонаў» у Ганконгу.

Акрамя Кука, у рэйтынг таксама трапілі іншыя «тэхнары»: заснавальнік PayPal, Tesla і SpaceX Элан Маск заняў 23-е месца, заснавальнік Facebook Марк Цукерберг — 25-е месца.

Расіяне не трапілі ні ў дзясятку, ні ў пяцідзясятку Fortune. Пасля выдання Топ-50 часопіс спытаў падпісантаў у Twitter, ці ёсць на іх думку Уладзімір Пуцін вялікім лідарам. З іншага боку, у спіс не трапіў і прэзідэнт ЗША Барак Абама. Як не трапіў і самы багаты чалавек у свеце Біл Гейтс, які аддае мільярды на дабрачыннасць.

***

Fortune складае спіс найвялікшых лідараў ужо другі раз. У мінулым годзе яго ўзначаліў Папа Францішак, за ім ішлі канцлер Германіі Ангела Меркель і гендырэктар Ford Алан Малалі. Цім Кук тады заняў 33-е месца.

Спіс складаецца з улікам меркавання двух дзясяткаў экспертаў, але канчатковае вырашэнне па размеркаванні месцаў прымае рэдакцыя Fortune.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?