«Серб з беларускімі каранямі» на Дню Волі, які скардзіўся журналістам на Еўрасаюз, аказаўся авантурыстам з Магілёва. Земляка пазнаў магілёўскі гурт Zatoczka.
фота з сацсетак
Падчас акцыі на Дзень Волі адбыўся цікавы інцыдэнт. Два хлопцы прыцягнулі ўвагу журналістаў. Адзін голасна гаварыў па-беларуску і па-руску, пытаючы, ад каго незалежнасць святкуюць людзі. Больш за ўсё яго абуралі сцягі Еўрасаюза. Сам ён быў апрануты ў майку «Београдски синдикат» – сербскага хіп-хоп гурту, папулярнага сярод футбольных фанатаў, якія прытрымліваюцца правых поглядаў.
Другі прадставіўся сербам, імітуючы сербскі акцэнт. Таксама наракаў на Еўрасаюз, у якім няма працы. Магілёўскі гурт Zatoczka пазнаў у ім свайго земляка, якога ў горадзе ведаюць як «Грышу». Пасля такой рэкламы хлопец выдаліў сваю старонку ў сацсетцы. Як пішуць некаторыя карыстальнікі сацсетак, у сваім горадзе хлопец падмануў некалькі чалавек на грошы.