У Беларусі ўступіў у сілу ўказ ад 4 верасня 2014 года нумар 432, які ўнёс змяненні ў агульнавоінскія статуты Узброеных Сіл, паведамілі ў Міністэрстве абароны Беларусі.

«Прававы акт быў падрыхтаваны ў сувязі з неадпаведнасцю асобных палажэнняў агульнавоінскіх статутаў Узброеных Сіл Беларусі арганізацыйнай структуры Узброеных Сіл і заканадаўчым актам Рэспублікі Беларусь у ваеннай сферы», - растлумачылі ў абаронным ведамстве. За час існавання выдадзеных у 2001 годзе агульнавоінскіх статутаў змяненні і дапаўненні ў іх уносіліся восем разоў. «У рэшце рэшт наспела неабходнасць у іх новай рэдакцыі», — канстатавалі ў Мінабароны.

У новай рэдакцыі статута ўнутранай службы ўведзена норма, якая забараняе вайскоўцам пры нашэнні ваеннай формы адзення трымаць рукі ў кішэнях, а таксама курыць на хаду і ў месцах, не адведзеных для гэтага. «У папярэдняй рэдакцыі агульнавоінскіх статутаў гэтыя нормы мелі больш лаяльны характар, гэта значыць вайскоўцам не рэкамендавалася пералічанае», — расказалі ў Мінабароны.

Таксама са статутаў выключаны палажэнні, якія датычацца дысцыплінарнай воінскай часткі, паколькі раней яна была ліквідавана і ў заканадаўства ўносіліся адпаведныя змяненні. Прыведзены ў адпаведнасць назвы некаторых воінскіх пасад, выключаны шэраг тэрмінаў, якія не адпавядаюць існуючай структуры Узброеных Сіл (корпус, дывізія і іншыя).

Акрамя таго, са статута ўнутранай службы выключаны абмежаванні ў адносінах да вайскоўцаў, якія не прынеслі прысягу.

«Тым самым выключана дваякае тлумачэнне нормы: у законе «Аб воінскім абавязку і воінскай службе» існуе толькі адно абмежаванне — вайскоўцы, якія не прынеслі ваенную прысягу, не могуць прыцягвацца для выканання баявых задач. У агульнавоінскіх статутах, якія былі выдадзены раней, чым апошняя рэдакцыя закона, існавалі дадатковыя абмежаванні: такіх вайскоўцаў не маглі назначаць на воінскія пасады, накладаць на іх дысцыплінарны арышт, прадастаўляць звальненне з размяшчэння воінскай часці. У сувязі з прызывам асоб, якія па рэлігійных перакананнях адмаўляліся прымаць ваенную прысягу, узнікала шмат пытанняў у ходзе праходжання імі ваеннай службы», — растлумачылі ў міністэрстве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?