Крупляны — невялічкая занядбаная вёска на поўначы Брэсцкай вобласці. Сёння там засталося толькі пару падворкаў, дзе яшчэ ёсць гаспадары. Астатнія дамы за адсутнасцю ўласнікаў пустуюць і чакаюць зносу. Адна з такіх хатаў прыцягнула ўвагу журналістаў «Нашай Нівы» тым, што пасярод дня яе разбіралі двое мужыкоў — сын з бацькам.
«Мне дошкі спатрэбяцца — буду хлеў свой лапіць, — сказаў журналісту стары, — усё роўна неўзабаве за гэтым домам яму выкапаюць ды бульдозерам яго туды спіхнуць».
Са слоў мужчын, раней хата належала сялянцы, якая працавала паляводам у калгасе. Але 15 гадоў таму яе не стала, і з тых часоў хата пустуе — пляменнікам яна не патрэбна. Таму хоць якой карысцю, што яшчэ могуць прынесці старыя сцены, карыстаюцца мясцовыя.
Столькі гадоў запусцення адбіліся на ўнутраным убранстве хаты вялізным вэрхалам: шпалеры аблезлі, вокны пабітыя, а ў рэчах відавочна хтосьці парыўся. Але ці было што браць? У шафе па-ранейшаму вісяць спадніцы, паліто ды сукенкі.
На акне ляжыць стары прафсаюзны білет гаспадыні, дзе можна прачытаць яе імя: Ванда Рыбак. Гэтую паперку жанчыне выдалі яшчэ ў далёкім лютым 78-га.
А па раскіданых па падлозе марках таксама бачна, што апроч іншага Ванда была і валанцёркай «Чырвонага крыжу».
Сярод марак, абрыўкаў шпалер ды іншых паперак раскіданыя шматлікія фота: жаночыя, дзіцячыя, выявы з імгненнямі маладосці. Увесь гэты чорна-белы архіў валяецца на падлозе.
Побач з непатрэбнымі фота і рэчы, якімі некалі актыўна карысталіся. Напрыклад, добры кошык. Такія звычайна стаяць у выглядзе экспанатаў у этнаграфічных музеях.
Аднак і акрамя гэтага кінутага дабра хапае: у калідоры пыліцца стары драўляны куфар, а на гарышчы — жбаны і бочкі.
І гэта не ўсё — гаспадыня, відаць, была аматаркай ткацтва.
А гэты абутак і праз столькі гадоў выглядае досыць стылёва і модна, хоць мінула ўжо пятнаццаць год.
І цяпер пыл пакрысе накрывае цэлую вёску, усё адно, як гэтыя боты.





