«N.R.M. + Drum Extasy. Большой, очень большой концерт» – такія афішы вісяць у метро. Чаму афіша гурту, які лічыўся лакаматывам беларускамоўнай музыкі, зробленая па-расейску? І чаму цяперашні N.R.M. выступае разам з гуртом Drum Ecstasy, лідар якога Філіп Чмыр пісаў, што ненавідзіць беларускую мову? Пра гэта мы запыталіся ў вакаліста і гітарыста N.R.M Піта Паўлава:

«Працаваць з калектывам Філіпа Чмыра мне падабаецца, — кажа Паўлаў. — Я ў курсе пра яго выказванні на тэму беларускай мовы. Я думаю, што гэта – бязглуздыя выказванні эмацыйнага чалавека. Ён часта выказваецца непаслядоўна. А ў Фэйсбуку правакацыйна. Што датычыць афішы на рускай мове, то я такога рашэння не прымаў. Калі я яе ўбачыў, я быў страшна здзіўлены і крышачку раззлаваны. Але я яе ўбачыў толькі тады, калі яна ўжо з’явілася ў інтэрнэце. Мяняць нічога ўжо не стаў. Дарэчы, я нічога страшнага ў гэтай афішы не бачу.

Я вельмі здзіўлены каментарамі прафесійных беларусаў, таму што, па шчырасці, гэтыя людзі даўно не былі на нашых канцэртах і не слухалі нашых песень. І каментары людзей, якія звяртаюць увагу толькі на афішу, а не на змест, выглядаюць проста недарэчнымі.

Людзі проста хочуць пагрэцца ў прамянях славы N.R.M., падвысіць свае рэйтынгі», — лічыць Паўлаў.

Лявон Вольскі, які доўгі час быў фронтмэнам N.R.M., пра расейскамоўную афішу гаварыць не захацеў. Бо, як паведаміў Вольскі, для яго каментаванне дзеянняў яго былых сяброў па гурту — абсалютнае табу, і ні з кім з іх ён не мае зносін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?