Новыя спецыяльнасці з'явяцца ў БДУ на геаграфічным факультэце і ў Дзяржаўным інстытуце кіравання і сацыяльных тэхналогій, паведаміў рэктар універсітэта Сяргей Абламейка на прэс-канферэнцыі ў Мінску 24 сакавіка. 

На геаграфічным факультэце набор будзе ажыццяўляцца на спецыяльнасць «геаінфармацыйныя сістэмы» па кірунках зямельна-кадастравыя і спецыяльныя сістэмы, а таксама па кірунку «геадэмаграфія» (спецыяльнасць «геаграфія»). 

Мяркуецца, што студэнты, якія вучацца па кірунку «геаінфармацыйныя сістэмы», будуць запатрабаваныя першым чынам у Дзяржаўным камітэце па маёмасці, дзе будуць удзельнічаць у работах па стварэнні зямельна-інфармацыйных сістэм, геадэзічным забеспячэнні зямельнага кадастра, а таксама апрацоўваць даныя дыстанцыйнага зандавання Зямлі. 

Замоўцам кірунку «геаінфармацыйныя сістэмы спецыяльныя» з'яўляецца Міністэрства абароны Беларусі. Гэтаму ведамству, сказаў Абламейка, патрабуюцца спецыялісты па стварэнні, актуалізацыі і эксплуатацыі геаінфармацыйных сістэм спецыяльнага прызначэння. У межах гэтага кірунку больш увагі будзе надавацца дысцыплінам ваеннага прызначэння і звязаным з найноўшымі камп'ютарнымі геаінфармацыйнымі тэхналогіямі, эксплуатацыяй аўтаматызаваных інфармацыйных сістэм. 

Адкрыццё кірунку «геадэмаграфія», растлумачыла адказны сакратар прыёмнай камісіі, начальнік галоўнага ўпраўлення вучэбнай і навукова-метадычнай працы Людміла Хухлындзіна, звязаная з неабходнасцю вырашаць праблемы дэмаграфічнай навукі, прагназаваць дэмаграфічныя працэсы ў краіне. Вучэбная праграма будзе ўключаць дысцыпліны па вывучэнні глабальных і рэгіянальных праблем народанасельніцтва. Пасля заканчэння вучобы спецыялісты змогуць працаваць у Нацыянальным статыстычным камітэце, Мінпрацы. 

У Дзяржаўным інстытуце кіравання і сацыяльных тэхналогій з'явіцца спецыяльнасць «дзяржаўнае кіраванне і права» і кірунак «дызайн касцюма і тканін». Спецыфікай падрыхтоўкі па спецыяльнасці «дзяржаўнае кіраванне і права» стане комплекснае вывучэнне кіраўнічых дысцыплін. Мяркуецца зрабіць ухіл па падрыхтоўцы спецыялістаў для рэгіянальных органаў дзяржаўнага кіравання, тэрытарыяльных цэнтраў сацабслугоўвання і сістэмы аховы здароўя. 

Хухлындзіна адзначыла, што асноўны акцэнт у падрыхтоўцы дызайнераў-мастакоў па касцюмах будзе зроблены на падрыхтоўцы спецыялістаў для лёгкай прамысловасці Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?