pressball.by

pressball.by

Цацкі, гітара, права голасу

— Як Вашы справы?

— Усё добра, працуем у поўным аб’ёме. У сям’і таксама ўсё нармальна: дзеці падрастаюць.

— Як сям’і ў Гомелі, дарэчы?

— Ужо трохі прывыклі, акліматызаваліся. Для старэйшай дачкі, калі пераязджалі ў мінулым годзе, усё было новым: школа, сябры, знаёмствы. А цяпер яна і не супраць тут заставацца і надалей. Знайшла новых сяброў, адаптавалася.

— Ходзіце на бацькоўскія сходы?

— У асноўным жонка гэтыя мерапрыемствы наведвае, але і я быў аднойчы. Пасядзеў, паслухаў. Нічога дрэннага не пачуў. Наадварот — стараецца. Праўда, маленькая часам просіцца ў Мінск — у яе ж там асобны дзіцячы пакой, цацак шмат. Таму пытаецца, калі паедзем у Мінск. Але і хутка забываецца на гэта.

 Старэйшую аддалі ў нейкую секцыю?

— Калі былі ў Мінску, яна займалася ў розных танцавальных секцыях. Тут пакуль што нікуды не аддавалі. А цяпер яна хоча навучыцца граць на гітары. Бліжэй да летніх канікулаў зоймемся гэтым пытаннем.

 Бацька можа ёй паказаць пару акордаў?

— На жаль, не. У дзяцінстве мне нейкі бой паказвалі, але не больш за тое.

 А хто ў камандзе галоўны ігрок на гітары?

— Нават не гатовы сказаць. Не даводзілася нам так сустракацца, каб я кагосьці бачыў з гітарай. Магчыма, такіх майстроў і няма.

— А якім чынам тады адбываюцца зборы каманды ў нефармальнай абстаноўцы?

— Не скажу, што вельмі часта збіраемся. Бывае, што можам сабрацца дзе-небудзь футбол разам паглядзець, ці проста пагутарыць, але не часта. Вось сёлета, напрыклад, яшчэ ні разу не збіраліся. Такіх штотыднёвых сустрэч няма.

 Ну Вам цяпер, як галоўнаму дзядзьку ў камандзе, варта браць ініцыятыву ў свае рукі.

— Я не лічу сябе галоўным дзядзькам. У нас ёсць пяць-шэсць чалавек, якія павінны сыграць галоўную ролю як у жыццёвым плане — камунікацыі, дапамогі па розных бытавых пытаннях, так і ў спартыўным. Натуральна, што гэта больш старэйшыя хлопцы, хто застаўся з мінулага сезона плюс Саша Данілаў, які цяпер займаецца з намі. Але маладых мы таксама не прыціскаем — кожны мае права голасу на полі і за яго межамі. Напрыклад, падказкі на полі ад маладых старэйшым толькі вітаюцца.

 Здараецца і такое?

— А чаму не? Пакуль такое здараецца рэдка. Можа, моладзь яшчэ саромеецца. Але ж я не магу бачыць, што адбываецца ззаду. Таму апорныя паўабаронцы, якія гуляюць пада мной, абавязаныя падказваць – правую мне зону закрываць ці левую. Патрабуем ад маладых, каб не саромеліся.

 Што датычыцца яшчэ таго, як Вы бавіце час. У сувязі з цяперашняй фінансавай сітуацыяй хочацца даведацца, ці быў у Вас адпачынак у гэтым годзе?

— Быў. Выязджалі з сям’ёй у Арабскія Эміраты на 10 дзён. Былі ў Абу-Дабі. Ужо былі там, ведалі гэтыя месцы. Дарэчы, у суседнім гатэлі жыў Аляксандр Ермаковіч [галоўны трэнер БАТЭ], сустракаліся з ім адзін раз, пілі каву. Дарэчы, гэта можна назваць восьмым цудам свету — толькі там у прэзідэнцкім гатэлі падаецца кава з залатой стружкай. Паглядзелі, што там за стружка. Выглядае, як залатая. Распусцілася, выпілі. Вось такі адпачынак быў. Пагрэліся, паплавалі, набраліся станоўчых эмоцый. Для дзяцей таксама, на маю думку, сонца, паветра свежае ўзімку – гэта аздараўленне.

 У якіх экзатычных месцах адпачывалі?

— Шры-Ланка, Мальдывы. Куба была ў свой час. Егіпет, Турцыя – гэта я не бяру. У Турцыю прыемна ездзіць летам, зімой там не тыя кліматычныя ўмовы. Я люблю цёплае мора, цёплы пясок. Мне, як і маёй сям’і, не трэба экскурсіі. Паплаваць, у пяску пакапацца. Не любім мы асабліва ездзіць, розныя славутасці глядзець – нам дастаткова гатэля, дзе мы базуемся.

— Куды дакладна не паедзеце ў наступны раз?

— У Егіпет. Месца добрае, але недастаткова цёпла для нас. Да абеду камфортная тэмпература, а пасля трэцяй — прахалодна, пачынаюцца вятры, курткі апранаць трэба. Шры-Ланка таксама: далекавата. Да таго ж экзатычнае месца са сваімі муніцыпальнымі пляжамі, якія не знаходзяцца на тэрыторыі гатэля – з табой могуць быць мясцовыя жыхары.

 Вы шмат сабе дазваляеце ў адпачынку, каб не надта згубіць форму?

— Ды я не скажу, што нешта сабе забараняю. Усё залежыць ад жадання і наяўнасці нейкіх святаў. Я не схільны да набору вагі. Магу за адпачынак набраць два-тры кілаграмы. Але літаральна за тыдзень-два магу ўсё прывесці ў норму — гэта не праблема.

Мікс, абцірка, шабушныя

— Вы казалі, што каманда цяпер трэніруецца па два разы на дзень. Як у такім тэмпе працуецца?

— Пачнём з таго, што выйшлі пазнавата – 26 студзеня. Правялі трохтыднёвы збор у Гомелі. Пасля чатыры дні адпачывалі. Цяпер яшчэ адзін збор. Але на гэтым ужо пабольш гульняў. Гэта ўжо для нас як свята – адна гульня ў дзень, а ў папярэдні – перадгульнявая трэніроўка.

 Уладзімір Гольмак на што робіць большы ўпор – на працу з мячом ці фізіку?

— Хапае і фізічных практыкаванняў, аэробнай працы, дастаткова трэнажорнай залы. Але і з гульнявымі практыкаваннямі добра. Калі ранішняя трэніроўка бегавая ці ў трэнажорнай зале, вячэрняя – гульнявая. Такі мікс. Не скажу, што зацыкліваемся на нечым. Перад гульнямі таксама трохі практыкаванняў па тактыцы.

— Скажыце, чаго можна чакаць ад новага сезона, калі Вам 34? Вас увогуле чым-небудзь можна здзівіць?

— Напэўна, не. Што датычыцца сезона, то думаю, што будуць за першыя месцы змагацца тры-чатыры каманды. У першым коле ўвогуле яшчэ роўна ўсе могуць ісці. Можа, яшчэ палову другога кола. Пасля лідары пачнуць адрывацца, тройка ўтворыцца. Не стаў бы спісваць з рахунку жодзінскае «Тарпеда» – там даволі добрая каманда па складзе. «Шахцёр» добра ўмацаваўся. БАТЭ і «Дынама» – гэта зразумела. Вось чатыры фаварыты. Астатнія будуць роўнага ўзроўню. Да таго ж, шасцёрак не будзе, як і прамога вылету, таму ўсе будуць гуляць больш разняволена.

— У «Гомелі» цяпер вопытных гульцоў можна па пальцах пералічыць. Як, па-Вашаму, гэта скажацца на гульні каманды?

— Не люблю загадваць. Калі пачнецца сезон, тады і паглядзім. Гульня дасць адказы на шматлікія пытанні. Адзінае, што будзем выходзіць і старацца радаваць заўзятараў. Нашто казаць гэтыя банальныя словы, што будзем змагацца за пяцёрку ці шасцёрку, агучваць нейкае месца? Калі выходзіць і аддавацца гульні, дык і месца будзе вышэй.

— Па-Вашаму, моладзь разумее ўсю адказнасць, на яе ўскладзеную?

— Напэўна, яшчэ не да канца. Але мы камунікуем з імі, падказваем. Бачна, што яшчэ заўважны перыяд пераходу з юнацкага футболу ў дарослы. Здаецца, недзе ён згуляў, як дарослы, а пасля бывае – бах – і дзіцячая памылка, з-за якой забіваюць гол і руйнуецца гульня. Проста ім не хапае канцэнтрацыі. Будзем старацца гэта выправіць.

— Сябе ў гэтым узросце памятаеце?

 — Вось як раз недзе ў такім узросце я прыходзіў у Гомель у 1999 годзе. Але я ж да гэтага часу паварыўся ў дарослым футболе: з 15 год пачаў у мінік гуляць з мужыкамі. Ды яшчэ два гады ў зборнай па міні-футболе пагуляў. Вядома, нейкае хваляванне прысутнічала, але не саромеўся недзе жорстка згуляць, падкаціцца. У мяне гэты пераход неяк больш плаўна прайшоў. Хаця не скажу, што я адразу загуляў: мне спатрэбілася два гады на абцірку, я стабільна загуляў толькі недзе ў 2001 годзе.

— Калі маладыя футбалісты больш прафесійна падыходзілі да футбола?

— Мы таксама былі трохі шабушныя: хацелася кудысь схадзіць, пагуляць. У той жа час і ва ўніверсітэтах вучыліся. Магу шчыра сказаць, што канцэнтрацыі на трэніровачным працэсе і футболе не было: нешта адцягвала пастаянна. Цяпер такая ж гісторыя – не скажу, што нешта змянілася. Напэўна, для маладога арганізма гэта натуральна. Я не кажу, што паўночы недзе сядзець, а праз пару гадзін ісці на трэніроўку. Але схадзіць з сяброўкай у кіно ці футбол паглядзець – не бачу праблемы. Галоўнае, каб з раніцы нармальны быў на трэніроўцы.

Юрфак, наркаманія, Audi 80

— Уяўляю, як Вам было весела, калі Вы вырваліся ад бацькоў са Светлагорска ў Гомель…

— А я спачатку нават не ў Гомель з’ехаў. Спачатку гуляў за міні-футбольны светлагорскі ЦКК. І адзін чалавек мяне заўважыў, відаць, меў на мяне нейкія планы, хацеў стаць маім агентам, і ўладкаваў мяне ў недзяржаўны інстытут правазнаўства ў Мінску. Здымаў мне жытло, аплачваў навучанне. Праз год мне паступіла прапанова з «Гомеля». Бакі дамовіліся, я пераехаў у Гомель і перавёўся на юрыдычны факультэт універсітэта імя Скарыны. Але на юрфаку патрабавалі наведвальнасць. А ў мяне часу не было – заваліў дэканат даведкамі аб вызваленні. Яны мяне далей вучыць не захацелі, таму перавёўся на факультэт фізічнай культуры, там ужо было прасцей.

 Добра, вернемся да пачатку Вашай кар’еры. Што такое Светлагорск у 90-я гады?

— Ды мне толькі запомнілася добрае: комплекс наш трэніровачны, парк, стадыён «Камунальніка». Чуткі гэтыя пра наркаманію былі – мяне шмат хлопцаў пыталіся аб гэтым. Але я ўсім кажу, што такіх сяброў у мяне не было. Калі па горадзе ідзеш, таксама такога не заўважаў – што недзе наркаманы кучкуюцца. Магчыма, нешта такое было, але не на віду і ў цэнтры горада. Я такога не заўважаў.

 А як Вы ў міні-футбол трапілі?

— У дзяцінстве пачалі займацца ў залах. Летам гулялі на звычайных палях, а зімой – у зале. А ў тыя часы можна было адначасова гуляць і ў вялікі футбол, і ў мінік – не забаранялася. Бывалі на розных міжнародных спаборніцтвах. Так мяне заўважылі з міні-футбольнай каманды ЦКК, запрасілі патрэніравацца. Прапанавалі кантракт, пачаў выступаць. А пасля трапіў і ў светлагорскі «Камунальнік». Неяк гулялі таварыскую гульню супраць «Гомеля». Я адкрыў лік, пасля яны зраўнялі – так і скончылі 1:1. Пасля з’явілася цікавасць з боку «Гомеля». Цяжка было, вядома, перастройвацца з міні-футбола на вялікі, таму першыя два гады, як я і казаў, пайшлі на абкатку.

— Вы ўзгадалі пра першы кантракт. А на што першую зарплату патрацілі?

— Нават не памятаю лічбаў — невялікія грошы. А ў «Гомелі» было даляраў 200-300. Не магу ўзгадаць, на што патраціў першую зарплату. Я толькі недзе праз два гады купіў першую машыну – Audi 80, яна каштавала каля двух з паловай тысяч даляраў. Таму, напэўна, з першай зарплаты я пачаў збіраць. Памятаю, што не прагуляў – направа-налева не раскідваў.

 Вы папрацавалі пад кіраўніцтвам шмат якіх трэнераў. Хто даў найбольш?

— Зараз не хацелася б акцэнтаваць на кім-небудзь увагу – было б не зусім карэктна параўноўваць трэнераў. У кожнага было чаму павучыцца.

 Добра. Калі б у Вас быў пульт, пры дапамозе якога можна было б пераматаць час назад, што б Вы памянялі ў сваёй кар’еры?

— Неяк месяц назад мы ў распранальні з Уладзімірам Гольмакам абмяркоўвалі, што калі б была машына часу, што можна было б змяніць. І я вось сказаў, што не ведаю, ці трэба было мяняць. Усё, што ні робіцца — да лепшага. Гэта лёс, воля Бога. Я задаволены. У мяне сям’я, двое дзяцей, у футболе чагось дасягнуў, зарабіў. Мне грэх скардзіцца. Ды і што ў мінулае ўцягвацца? Трэба жыць цяперашнім днём.

 А ці не здаецца Вам, што варта было паспрабаваць у Еўропе?

— Магчыма. Але там цяжка псіхалагічна было – сям’я не магла быць побач. З мовай можна было справіцца – на ламанай англійскай мове. Але там стаўленне і адносіны трохі іншыя. Немцы такі народ: здаецца, не аддаляюць цябе, але і блізка да сябе не падпускаюць. Ты і не вораг, але і не сябар. Таму сяброў толкам не было – толькі перакладчык з Украіны. Ды і з’явілася запрашэнне ад Ігара Крыушэнкі з «Сібіры» – тым больш, што там каманда была пад задачу, бачыўся больш цікавы варыянт у той сітуацыі. А пасля ўжо думаў – мо варта было там паспрабаваць застацца?

Балканцы, спартыўны дырэктар, ліцэнзія

 Пры цяперашняй фінансавай сітуацыі ў нашай моладзі больш матывацыі ехаць за мяжу?

— Так. Бо нават у Расіі і Украіне ў футболе ўсё ў парадку. Так, у Расійскай прэм’ер-лізе добрыя ўкладанні ў футбол. Але раней у першую лігу ў Расіі можна было ехаць спакойна – умовы былі на парадак лепшыя, чым у нас. А цяпер яны літаральна такія ж. Толькі каманды, якія змагаюцца за выхад у вышэйшы дывізіён, выдзяляюцца. Што датычыцца Украіны, куды раней можна было нармальна трапіць, цяпер там таксама умовы змяніліся. Калі ў каманду ўкладаюцца грошы, ім патрэбен гулец зборнай і пажадана які-небудзь бразілец, аргентынец, уругваец. Ці сербы якія-небудзь, балканцы, якія на ты з мячом, ледзь не спяць з ім. Таму калі выпадае шанец паехаць у Еўропу – варта ім карыстацца. Нават не важна, калі на ролю запаснога – можна перацярпець, падцягнуцца.

Для моладзі з’явіўся вялікі шанец праявіць сябе – ім цяпер будуць давяраць. І за гэты шанец ім трэба чапляцца ўсімі сіламі – старацца праявіць сябе ў кожнай гульні, выкладвацца на полі па поўнай.

 — У Мінску з такой фінансавай сітуацыяй некаторыя былыя футбалісты ідуць працаваць у таксі. Вы ўжо задумвалі аб тым, што будзеце рабіць, калі павесіце буцы на цвік?

— Так, ведаю пару хлопцаў, хто пайшоў у таксі. Яшчэ на будаўнічы рынак ва Уруччы ідуць – вось дзве асноўныя галіны працягу заробкаў. Канкрэтна ў мяне планаў не было, я яшчэ не вызначыўся. Пакуль будуць сілёнкі, пагуляю – пакуль не пабачу, што моладзь падпірае і гуляе лепш за мяне. Калі буду сядзець на лаўцы – нашто сябе катаваць і клуб? Я лепей пайду на трыбуны сяду і буду глядзець, радавацца футболу. Ёсць пакуль невялікія намёткі, але афішаваць не хочацца. Тым больш Капскі неяк казаў «Будзеш заканчваць – пазвані». Не ведаю, што ён меў на ўвазе, але памятаю.

 Вы ж Акадэмію кіравання ў мінулым годзе таксама скончылі. Атрымліваецца, у Яўгена Пабалаўца пад бокам сур’ёзны канкурэнт.

— Так, канкурэнцыя (усміхаецца). Тым больш, што з адной ВНУ выйшлі, толькі што факультэты розныя. Такая гісторыя. Неяк сядзелі ў кабінеце Пабалаўца перад падпісаннем са мной кантракта на гэты год: я, ён і Гольмак. І Пабалавец мне кажа: «Гена, ведаеш, якая ў мяне мара? Каб ты неяк узначаліў клуб у якасці трэнера». Я кажу, што не планаваў у трэнерскую справу ісці, бо ўжо трошкі іншую ВНУ скончыў — Акадэмію кіравання. А Гольмак кажа: «Глядзі, пад цябе капае. На тваё месца меціць». Я яго супакоіў: «Ды не, Саныч, не перажывай, я толькі калі якім спартыўным дырэктарам». Пасмяяліся.

 А Вам самому пасля заканчэння кар’еры футбаліста, дзе хацелася б асесці – у Гомелі ці ў Мінску?

— Залежыць, дзе будзе праца, якая мне спадабаецца. Вядома, у Мінску ў нас кватэра, дачку таксама хацелася б адправіць вучыцца ў сталіцы. Так што не ведаю — дзе больш зацікавяць. Што датычыцца саміх гарадоў, то мне падабаецца і Мінск, і Гомель. Мне камфортна і там, і там.

 Так што будзе залежаць, хто зробіць лепшую прапанову – Капскі ці Пабалавец?

— Паглядзім. Смех смехам, размовы размовамі. Час пакажа, як атрымаецца.

— Але ж не кожны футбаліст у нас мае дзве вышэйшыя адукацыі…

— Хто яго ведае, мо яшчэ на трэнерскую ліцэнзію вучыцца прыйдзецца. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?