Сталічныя ўлады прызначылі пачатак шэсця на 15.00. Але сёлета 25 сакавіка трапляе на сераду, гэта працоўны дзень, што стварае пэўныя праблемы для ўсіх ахвотных узяць удзел у шэсці.

«Мы кваліфікуем дзеянні ўладаў як палітычную правакацыю, — заявіў лідар АГП Анатоль Лябедзька. — Шкада, што новапрызначаны кіраўнік Мінска Шорац пачынае сваю дзейнасць такім чынам».

Гэтае меркаванне падтрымалі і астатнія арганізатары. Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч паведаміў, што рашэнне Мінгарвыканкама мела на мэце зрыў мерапрыемства, і заклікаў ўсіх, хто зможа, і асабліва моладзь, падтрымаць святкаванне.

Марына Хоміч, прадстаўнік аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская партыя», заклікала ўсіх удзельнікаў прыносіць нацыянальную сімволіку, але пазбегнуць правакацыйных сімвалаў. Дарэчы, украінскія сцягі на шэсці не забароненыя.

«Таксама я хачу звярнуцца да ўсіх, хто сядзіць у сацсетках і дае адзнаку гэтаму святкаванню і нашым дзеянням, да тых, хто заклікае людзей збірацца то а 17, то а 18 гадзіне. Мы ў сённяшніх абставінах не хочам падстаўляць людзей пад міліцэйскія дубінкі, таму заклікаем спыніць гэтыя правакацыі, — сказала Хоміч.

— Гэта апошнім часам сыходзіць у першую чаргу ад Арт-Сядзібы, на жаль. Прычым, мы неаднаразова заклікаклі іх прыходзіць на аргкамітэт, каб мы разам абмяркоўвалі праграму свята, але, ніхто з іх не далучыўся».

Юрый Губарэвіч, першы намеснік старшыні руху «За Свабоду», выказаў думку, што ўлады сваім рашэннем хочуць падкрэсліць барацьбу з дармаедствам, маўляў, а хто яшчэ выходзіць у працоўны час на шэсці, акрамя дармаедаў?

Нагадаем, што збор удзельнікаў святкавання адбудзецца а 15.00 каля кінатэатра «Кастрычнік», затым плануецца шэсце да парку Дружбы народаў, мітынг з 17.00. Тэматыка мерапрыемства — незалежнасць, салідарнасць з Украінай, пратэст супраць антыдэмакратычнай палітыкі. Будуць раздавацца нацыянальныя стужкі, бел-чырвона-белыя сцягі, абяцаюць выступ музыкаў.

«Мы хочам не толькі выказаць сваё стаўленне да пэўных праблемаў, але і стварыць сапраўдную атмасферу свята», - падкрэсліў Губарэвіч.

Таксама падчас святкавання пройдзе збор подпісаў за тое, каб 25 сакавіка прызналі нацыянальным святам на афіцыйным узроўні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?