Мяркуецца, што да 2020 года сталіца цалкам пяройдзе на водазабеспячэнне з падземных крыніц.

Пра гэта паведаміла на брыфінгу начальнік сектара дзяржаўнага воднага кадастру ДУ «Гідрамет» Алена Квач. Брыфінг быў прысвечаны Сусветнаму метэаралагічнаму дню (адзначаецца 23 сакавіка) і Сусветнаму дню водных рэсурсаў (22 сакавіка).

У цяперашні час тры сталічныя раёны выкарыстоўваюць ваду Вілейскага вадасховішча (Маскоўскі, Фрунзенскі і часткова Кастрычніцкі). У дамы жыхароў астатніх шасці раёнаў вада паступае з чыстых падземных крыніц.

«У цяперашні час праводзіцца паэтапны перавод горада на падземныя крыніцы, — удакладніла Квач. — Таксама адна з істотных праблем — гэта якасць паверхневых і падземных вод. Тут адбіваецца ўплыў скідаў сцёкавых вод прамысловых прадпрыемстваў, гарадоў, жывёлагадоўчых комплексаў, а таксама забруджвальных рэчываў, якія паступаюць з атмасфернымі ападкамі ў рэкі».

Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, у 2013 годзе каля 75% узятай з розных крыніц вады выкарыстоўвалася на вытворчыя патрэбы, 34,8% — на гаспадарча-пітныя, астатні аб'ём — на сельскагаспадарчае водазабеспячэнне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?