Па матэрыялах праверкі падраздзяленняў па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ГУУС і Ленінскага РУУС Мінска па падазрэнні ў крадзяжах шляхам злоўжывання службовым становішчам распачата крымінальная справа ў дачыненні да былога кіраўніка выдавецтва Беларускага экзархата, якое з'яўляецца структурным падраздзяленнем Беларускай праваслаўнай царквы. 

Як паведамляе ўпраўленне БЭЗ ГУУС, устаноўлена, што былы 55-гадовы кіраўнік, злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, арганізаваў крадзеж грашовых сродкаў у падначаленага выдавецтва. Ён наўмысна аддаваў незаконныя распараджэнні падначаленым работнікам аб штомесячным знішчэнні дакументаў пярвічнага ўліку таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў і грашовых сродкаў, а таксама незаконна забіраў з касы прадпрыемства наяўныя грашовыя сродкі. Далей грошы фігурант выкарыстаў для набыцця за мяжой грузавога і легкавога аўтатранспарту.

Па сабраных матэрыялах устаноўлена, што гэтая дзейнасць мела месца на працягу некалькіх гадоў — з 2005 па 2014 гады. Увогуле размова ідзе пра 14 адзінак тэхнікі на агульную суму большую за 150 тыс. долараў ЗША. Аўтамабілі афармляліся або непасрэдна на цяперашняга падазронага, або на яго сваякоў. 

Супрацоўнікі БЭЗ працягваюць разбірацца ў нюансах гаспадарчай дзейнасці падазронага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?