Рост пенсій ад пачатку года быў фактычна замарожаны. «Пенсіі будуць павышацца з улікам росту заробкаў і фінансавых магчымасцей Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва», – патлумачыў намеснік міністра працы Валерый Кавалькоў. А заробкі якраз-такі не растуць.

У лютым сярэдняя пенсія па ўзросце склала 2 748 450 рублёў. Ці многа гэта? Пражыць на такія грошы пры беларускім узроўні цэн складана, пацвердзяць пенсіянеры.

А што ж у суседзяў? «Наша Ніва» параўноўвае беларускую дапамогу сталым людзям з той, што прапануюць іншыя дзяржавы.

У даляравым эквіваленце беларуская пенсія складала $182 па тагачасным курсе. І ўпершыню за доўгі час яна аказалася вышэй за расійскую.

Усходнія суседзі мелі ў студзені ў сярэднім усяго па $168. Усяму прычынай эканамічны крызіс, выкліканы вайной ва Украіне, падзеннем цаны нафты, а таксама санкцыямі Захаду. Праўда, цяпер за кошт узмацнення расійскага рубля даляравы эквівалент пенсій трошкі падрос і амаль зраўняўся з беларускім.

Вайна не магла не падкасіць і ўкраінскіх пенсіянераў. Апошнія звесткі аб памеры дапамогі па ўзросце ў гэтай краіне датуюцца кастрычнікам 2014 года. Тады пенсіянеры атрымлівалі ў сярэднім па $129. Аднак пры цяперашнім курсе пенсіі абрынуліся да $75.

Сітуацыя ў Малдове яшчэ горшая. Статыстыка за пачатак 2015 года — сярэднія $69 кожнаму пенсіянеру.

Краіны Балтыі перайшлі на еўра, таму ў выніку плаўнай дэвальвацыі ў адносінах да даляра грошы часткова абясцэніліся. Фактычна кожны пенсіянер згубіў па $40-60. Напрыклад, у Літве ў снежні мінулага года сталыя грамадзяне атрымлівалі па $296, а цяпер іх пенсіі эквівалентныя $255.

У латвійцаў у чацвёртым квартале 2014 года пенсія складала $338. Цяпер на $50 менш.

Нарэшце, Эстонія, якая застаецца самай паспяховай у рэгіёне. Сталыя жыхары ў канцы мінулага года атрымлівалі па $437, але крызіс еўра, зразумела, ўдарыў і па іх.

Аднак за межамі былога СССР пачынаецца зусім іншае жыццё. Сярэдні паляк-пенсіянер у лістападзе мінулага года меў $606. І нават пры цяперашнім курсе атрымлівае каля $520, больш, чым сярэдні заробак у Беларусі.

Падобная пенсія і ў Чэхіі. У першай палове мінулага года тамтэйшым старым дзяржава плаціла па $550.

Але ў большасці краін Еўрасаюза гэта толькі частка даходаў. Мясцовыя жыхары карыстаюцца паслугамі прыватных пенсійных фондаў, і ў рэальнасці атрымліваюць нашмат больш.

Самыя багатыя…

Максімальна магчымая пенсія ў Беларусі складае 6 434 тысяч рублёў. Столькі атрымліваюць штомесяц былыя шахцёры, якія маюць стаж працы пад зямлёй не менш за 25 гадоў.

…і самы бедны

Былому старшыню Вярхоўнага Савета Станіславу Шушкевічу дзяржава плаціць па 3200 рублёў. Ягоная пажыццёвая пенсія была прызначаная яшчэ ў 1996-м, але з таго часу не індэксуецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?