Вядомы італьянскі мадэльер Стэфана Габана разгарнуў у сацыяльных сетках актыўную кампанію супраць усынаўлення дзяцей гомасексуальнымі партнёрамі.

Ён заклікае сваіх прыхільнікаў байкатаваць Элтана Джона пасля іх публічнай сваркі ў сетцы Instagram.

Габана і яго даўні дзелавы партнёр Даменіка Дольчэ, якія жывуць у аднаполым саюзе больш за два дзесяцігоддзі, далі інтэрв'ю італьянскаму часопісу «Панарама», у якім выказаліся катэгарычна супраць такога ўсынаўлення. «Мы выступаем супраць усынаўлення гомасексуальнымі парамі, — заявілі яны. — Адзінай сапраўднай сям'ёй з'яўляецца традыцыйная сям'я».

«Дзеці нараджаюцца ад бацькі і маці, ці, прынамсі, так павінна быць», — мяркуе Дольчэ. Ён раскрытыкаваў практыку, па якой, як ён выказаўся, матка здаецца напракат, а семя выбіраецца па каталозе.

Мадэльеры таксама адмоўна адгукнуліся пра штучнае апладненне і сурагатнае мацярынства: «Мы супраць гвалту над біялогіяй і падмены яе хіміяй — жыццё мае сваё натуральнае цячэнне, у якое нельга ўмешвацца».

Гэтае выказванне выклікала фурор і абурэнне многіх чытачоў. Яны неадкладна сталі размяшчаць у сетках фатаграфіі сваіх дзяцей, зачатых з дапамогай метаду штучнага апладнення.

Элтан Джон, які мае двух дзяцей са сваім мужам Дэвідам Фернішам, таксама не застаўся ў баку.

Ён змясціў у сетцы Instagram фота Дольчэ і Габана з подпісам: «Як вы можаце называць маіх выдатных дзяцей сінтэтычнымі? І вам павінна быць сорамна за вашыя несправядлівыя словы пра штучнае апладненне — гэта цуд, які дазволіў мноству тых, што любяць людзей, незалежна ад іх сэксуальнай арыентацыі, ажыццявіць сваю мару пра дзяцей».

Спявак скончыў свой пост заклікам байкатаваць брэнд італьянскіх дызайнераў.

«Ваш архаічны вобраз думкі гэтак жа адстаў ад часу, як і ваша мода, — заявіў Элтан Джон на сваёй старонцы ў Instagram. — Я больш ніколі не буду насіць Dolce & Gabbana». Да сваёй рэплікі ён дадаў хэштэг #boycottDolceGabbana.

Габана відавочна ўспрыняў гэты адказ блізка да сэрца і ў сваю чаргу заклікаў да байкоту Элтана Джона з тэгам #BoycottEltonJohn. З тых часоў ён апублікаваў дзясяткі фота і каментаў у падтрымку сваёй пазіцыі.

На яго старонцы ў сетцы Instagram з'явілася мноства выказванняў у яго падтрымку, якія размяшчаюцца яго прыхільнікамі, напрыклад: «Мы жывём у вольным свеце, і калі Стэфана хоча выказаць сваё асабістае меркаванне, гэта яго права».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?