Калівусны шапталі – не трэба! –
Дык у вачах свяцілася – любы, імкніся…
І ў вачах было вечна палкае мора і неба:
у нязмерных глыбінях нязмерныя высі…
Уладзімір Дубоўка
20 сакавіка 2015 года ў 17.30 Літаратурны музей Петруся Броўкі і беларускі жаночы інтэрнэт-партал VELVET запрашаюць школьнікаў 9-11 класаў, бацькоў, настаўнікаў, студэнтаў, а таксама ўсіх зацікаўленых на другую сустрэчу праекта «Чытаем сваё. Класіка» – «УЛАДЗІМІР ДУБОЎКА: ГІСТОРЫЯ ПАЛЁТАЎ І ПАДЗЕННЯЎ».
Вы даведаецеся пра цікавыя факты з жыцця Уладзіміра Дубоўкі:
- Два паэтычных аб’яднанні і адзін літаратурны працэс, арганізаваны Дубоўкам;
- Тысячы савецкіх законаў, перакладзеных на беларускую мову знакамітым паэтам;
- Сустрэча з Маякоўскім напярэдадні самагубства вялікага рускага паэта;
- Дваццаць восем год у лагерах і высылцы;
- Адна прэмія за тое, што скарыўся.
Нас чакае кароткая біяграфічная рэтраспекцыя, сумесны разбор вершаў «да» і «пасля». Мы паспрабуем зразумець, ці сапраўды трагічны лёс здольны зламіць паэта?
Нагадваем, што сумесна з беларускім жаночым інтэрнэт-парталам VELVET.BY і з ініцыятывы Ганны Севярынец, Літаратурны музей Петруся Броўкі распачаў новы праект «Чытаем сваё. Класіка», мэтамі якога з'яўляюцца змяніць стэрыятыпныя погляды на вывучэнне беларускай літаратуры і накіраваць маладых беларусаў на правільны шлях да спазнання нашых класікаў.
Першая сустрэча ў межах праекта была прысвечана Максіму Багдановічу, якая адбылася ў нашым музеі 20 лютага 2015 года.
Куратар – культуролаг Таццяна Ткачова;
Вядоўца – журналіст, выкладчык, літаратуразнаўца Ганна Севярынец.
Адрас: вуліца Карла Маркса, 30;
Кантактны тэлефон: (017) 327-27-50; +375 29 7093876 (Ганна Севярынец)