Кампанія IKEA забараніла праводзіць масавую гульню ў хованкі ў сваіх крамах у Нідэрландах.
Раней некалькі тысяч чалавек дамовіліся ў «Фэйсбуку» пагуляць у хованкі ў крамах IKEA ў Эйндховене, Амстэрдаме і Утрэхце. Усяго ў гульнях мелі намер прыняць удзел каля 60 тысяч чалавек, большасць з іх — 32 тысячы — у Эйндховене.
Кіраўніцтва IKEA забараніла гэтыя мерапрыемствы з меркаванняў бяспекі.
«Падобныя акцыі цяжка кантраляваць. Мы павінны быць упэўненыя ў тым, што людзі знаходзяцца ў бяспецы ў нашых крамах, а гэта даволі складана, калі не ведаць, у якім менавіта месцы яны знаходзяцца», — патлумачыла прэс-сакратарка IKEA Марціна Смедберг.
Цяпер арганізатары мерапрыемства шукаюць новае месца для гульні.
У мінулым годзе такія ж гульні праводзіліся ў Бельгіі і ў іх прынялі ўдзел каля 500 чалавек. Людзі хаваліся ў лядоўнях, пад мяккімі цацкамі, у ход таксама ішлі фірмовыя сумкі. Некаторыя гульцы нават залазілі ў скрыні пад ложкамі.
У лістападзе 2014 12-гадовы школьнік з Шанхая схаваўся ў краме ад бацькоў з-за нязробленага хатняга задання па матэматыцы. Супрацоўнікі праваахоўных органаў знайшлі яго толькі праз шэсць дзён.