Генеральная пракуратура Украіны, у кампетэнцыі якой знаходзяцца пытанні, звязаныя з Міжгор'ем, магчыма, згубіла канфіскаваныя з рэзідэнцыі экс-прэзідэнта каштоўнасці.

Прынамсі, лёс знакамітага залатога батона, які год таму стаў негалосным сімвалам улады збеглага прэзідэнта Віктара Януковіча, застаецца невядомым.

Пра гэта ў эфіры канала 112.Украіна заявіў нардэп ад «Блока Пятра Парашэнкі» і сакратар антыкарупцыйнага камітэта Рады Дзмітрый Дабрадомаў. Паводле яго слоў, менавіта такі адказ далі ў ГПУ.

«Сёння я атрымаў адказ: каб вы разумелі, славуты легендарны залаты батон, аказваецца, яго месцазнаходжанне невядома. Па сутнасці яго скралі. І пытанне — хто? У мяне ёсць пералік рэчаў, якія, як высветлілася, нават не былі канфіскаваныя.

Іх паказалі толькі па тэлевізары. Два месяцы на запыты — ці былі рэчы улічаны, ці маюць яны юрыдычны статус — нам давалі адпіскі. Мы з камітэтам будзем ставіць пытанне: хто за гэта адкажа», — падкрэсліў Дабрадомаў.

Сумна вядомы залаты батон знайшлі ў рэзідэнцыі Януковіча пасля яго ўцёкаў з краіны. Пазней следчыя ГПУ распавялі, што незвычайны падарунак экс-прэзідэнт атрымаў на 63-годдзе ад кіраўніка сумскага завода імя Фрунзэ Уладзіміра Лук'яненкі. Пры гэтым чуткі аб знікненні артэфакта папаўзлі яшчэ год таму. Па адной з версій, яго маглі выкрасці наведвальнікі Міжгор'я.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?