«Прэм'ер-міністр» Крыма Сяргей Аксёнаў сказаў у інтэрв'ю Бі-бі-сі, што паўвостраў, год таму анексаваны Расіяй, ніколі ўжо не будзе часткай Украіны. Уваходжанне Крыма ў склад Расіі Аксёнаў назваў уз'яднаннем з гістарычнай радзімай.

Расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін напярэдадні гадавіны далучэння Крыма прызнаў, што анексія паўвострава суправаджалася вайсковай аперацыяй, накіраванай нібыта на абарону тэрыторыі ад магчымага вайсковага захопу.

Карэспандэнт Бі-бі-сі Джон Сімпсан сустрэўся з «прэм'ер-міністрам» Крыма Сяргеем Аксёнавым і пацікавіўся тым, як новыя ўлады бачаць будучыню паўвострава.

Бі-бі-сі: Ці будзе Крым калі-небудзь зноў часткай Украіны?

Сяргей Аксёнаў: Крым ніколі ва Украіну не вернецца, гэта безальтэрнатыўная сітуацыя. Рашэнне прынята канчаткова і назаўсёды. Гэта канец. Крым вярнуўся на гістарычную радзіму, нам адсюль ужо нікуды не хочацца вяртацца.

Нагадаем, што 30 снежня прэм'ер Украіны Арсеній Яцанюк, адказваючы на пытанне журналістаў, як Украіне ў бліжэйшай перспектыве вярнуць Крым, сказаў, што адказу цяпер няма.

«Хуткага геапалітычнага адказу, як вярнуць Крым, цяпер няма. Але яго анексія нікім не прызнаная, — заявіў ён. — Калі Гасподзь Бог нам дапаможа, яшчэ пры нас усіх мы вернем кантроль над Крымам. Калі не, дык гэта зробяць нашы дзеці або ўнукі».

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?