zarulem.ru
Паводле звестак выдання, на мінулым тыдні ў Маскве прайшла сустрэча беларускай дэлегацыі з міністрам энергетыкі Аляксандрам Новакам і віцэ-прэм'ерам Аркадзем Дварковічам. У складзе беларускай дэлегацыі быў віцэ-прэм'ер краіны Уладзімір Сямашка.
На сустрэчы абмяркоўваліся падпісаныя паміж Расіяй і Беларуссю дамоўленасці ў рамках стварэння ў 2015 годзе Еўразійскага эканамічнага саюза. Згодна з ім, Расія пастаўляе ў Беларусь нафту па ўнутраных цэнах, а тая ў адказ займаецца пастаўкай нафтапрадуктаў.
Аднак Мінск, піша выданне, вырашыў пастаўляць бензін у іншыя краіны з-за дэвальвацыі расійскага рубля.
Цэны на нафтапрадукты ў Расіі сталі ніжэй за экспартны парытэт (экспартная цана мінус пошліна і транспартныя выдаткі).
Менавіта з гэтай прычыны Беларусі выгадна пастаўляць бензін у іншыя краіны. У Расіі, адзначае газета, дзяржава не дае цэнам хутка расці ўслед за экспартнай альтэрнатывай. Па словах аднаго з чыноўнікаў, можа прайсці пяць ці шэсць месяцаў, перш чым яны зраўняюцца.
Мінск спасылаецца на падпісаны ў маі 2014 года пратакол, паводле якога Беларусь можа пачаць кансультацыі аб часовым скарачэнні паставак у тым выпадку, калі цэны на расійскім рынку апынуцца ніжэй за экспартны парытэт.
Крыніца «Ведомостей» распавяла, што абодва бакі гатовыя пачаць гандлявацца.
«Абедзве краіны гатовыя гандлявацца, кажа чыноўнік: «Пачынаецца покер».
Без расійскай таннай нафты ў Беларусі хутка скончацца фінансавыя рэсурсы для падтрымкі валюты, а ў Аляксандра Лукашэнкі сёлета выбары, нагадвае адзін з чыноўнікаў.
Расія ж палітычна залежыць ад сяброўства з Беларуссю, кажа чыноўнік фінансава-эканамічнага блока ўрада: у мінулым годзе Лукашэнка прымусіў Расію прыняць амаль усе яго ўмовы ўступлення ў ЕАЭС», — так сканчаюць свой артыкул аўтары выдання «Ведомости».





