Ксенія Сабчак на месцы гібелі Барыса Нямцова.

Ксенія Сабчак на месцы гібелі Барыса Нямцова.

Ксенія Сабчак пакінула Расію, меркавана, 14 сакавіка. Пра гэта піша расійская газета «Коммерсант».

33-гадовая Сабчак — вядомая расійская тэлевядоўца і свецкая львіца. Яна дачка аднаго з лідараў расійскага дэмакратычнага руху 1980-90-х, мэра Пецярбурга Анатолія Сабчака, у камандзе якога пачынаў свой узлёт Уладзімір Пуцін. Сабчак-бацька памёр ад інфаркту пры дзіўных абставінах праз месяц пасля перадачы ўлады ад Ельцына Пуціну. Ксенія ж пасля павароту Пуціна да шавінізму асудзіла яго палітыку. Яна падтрымлівала антыпуцінскі рух інтэлектуальна і фінансава. Сярод іншага, яна рэзка выкрывала агрэсію Расіі ва Украіне. Чалавек здольны, яна працавала ў тым ліку на адзіны незалежны ў Расіі тэлеканал «Дождь».

Як піша «Коммерсант», пра сваё рашэнне часова выехаць з краіны Сабчак паведаміла на вячэры ў гонар выхаду новага нумара часопіса L'Officiel — першага пад яе кіраўніцтвам.

«Адмяніць прэм'еру спектакля «Жаніцьба» ў Тэатры нацый я не магла, як і гэтую вячэру, але заўтра ж пакіну Расію на некаторы час», — сказала Сабчак.

Блізкія сябры неафіцыйна тлумачылі, што з'язджае яна па рэкамендацыі спецслужбаў.

Гаспадыню вечара, зазначае «Коммерсант», суправаджалі трое мужчын: муж, акцёр Максім Вітарган, і двое ахоўнікаў. 

10 сакавіка «Новая газета» паведаміла, што прэзідэнту РФ Уладзіміру Пуціна пасля забойства Барыса Нямцова далажылі, быццам бы існуе «расстрэльны спіс», у якім Ксенія Сабчак, галоўрэд «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў і Міхаіл Хадаркоўскі. Нібыта кожнага з іх збіраецца забіць асобная група кілераў з Чачні. Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў назваў гэтую інфармацыю абсурдам.

Нельга выключаць, што шляхам распаўсюду такім чутак пуцінскія спецслужбы проста імкнуцца выціснуць з краіны знакавых асобаў апазіцыі.

3 сакавіка каля Сахараўскага цэнтра, дзе праходзіла пахаванне Барыса Нямцова, да Ксеніі Сабчак падышоў невядомы і сказаў: «Майце на ўвазе, вы наступная, Ксенія». У сувязі з гэтым МУС пачаў праверку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?