Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у Санкт-Пецярбургу ў панядзелак правядзе перамовы з прэзідэнтам Кыргызстана Алмазбекам Атамбаевым. Гэта будзе другая сустрэча лідэааў з пачатку 2015 года, паведамляе ТАСС.
ТАСС
Як паведаміла прэс-служба Крамля, «парадак дня перамоваў на вышэйшым узроўні прадугледжвае абмеркаванне ключавых пытанняў далейшага ўмацавання расійска-кіргізскага супрацоўніцтва, перш за ўсё - у гандлёва-інвестыцыйнай і культурна-гуманітарнай галінах, а таксама ў сферы энергетыкі». «Плануецца грунтоўны абмен думкамі аб узаемадзеянні ў кантэксце далучэння Кіргізіі да Еўразійскага эканамічнага саюза», — адзначылі ў Крамлі.
ТАСС з раніцы ставіць гэту навіну мегагалоўнай на старонцы. Коммерсант са спасылкай на прэс-службу прэзідэнта Кыргызстана паведамляе, што А. Атамбаеў вылецеў у Пецярбург.
Нагадаем, што Пуцін не з'яўляўся на публіцы з 6 сакавіка, што нарадзіла шмат домыслаў і меркаванняў, у прыватнасці, што кіраўнік Расіі або захварэў, або адседжваецца на курорце. Быў адменены яго візіт у Астану, дзе Пуцін 12-13 сакавіка меўся сустрэцца з А. Лукашэнкам і Н. Назарбаевым.
Учора тэлеканал «Дождь» паведаміў, спасылаючыся на свае крыніцы, што Пуцін захварэў на грып і лечыцца ў рэзідэнцыі на Валдаі, адкуль і прыляціць на сустрэчу з Атамбаевым. Разам з тым прэс-сакратар Пуціна Пяскоў катэгарычна адмовіўся каментаваць інфармацыю.





