Еўразійская эканамічная камісія падрыхтавала праект змяненняў у дагавор аб ЕАЭС, у адпаведнасці з якімі плануецца дазволіць паралельны імпарт на тэрыторыю саюза асобных груп тавараў. Пра гэта заявіў журналістам 11 сакавіка ў Маскве член калегіі (міністр) па эканоміцы і фінансавай палітыцы ЕЭК Цімур Сулейменаў.

Паводле яго слоў, на тэрыторыі ЕАЭС дзейнічае рэгіянальны прынцып вычэрпвання выключнага права на аб`екты інтэлектуальнай уласнасці, у адпаведнасці з якім паралельны імпарт немагчымы без узгаднення з праваўладальнікамі. Антыманапольныя органы некаторых краін саюза ініцыявалі легалізацыю такога імпарту шляхам пераходу на міжнародны прынцып вычэрпвання правоў. 

ЕЭК прапаноўвае захаваць рэгіянальны прынцып вычэрпвання правоў як адпаведны мэтам развіцця эканомік краін — удзельніц саюза. Разам з тым у камісіі лічаць магчымым дазволіць паралельны імпарт для тых груп тавараў, дзе праваўладальнікі таварных знакаў дапускаюць розныя злоўжыванні. Такім чынам, адзначыў міністр, краіны ЕАЭС атрымаюць магчымасць рэагаваць на недастатковую колькасць нейкіх груп тавараў ці на іх неналежную якасць. 

Сулейменаў падкрэсліў, што прадастаўленне магчымасці пераходу на міжнародны прынцып вычэрпвання правоў па асобных групах тавараў патрабуе змяненняў у дагавор аб ЕАЭС. Паводле яго ацэнкі, гэтыя папраўкі могуць быць унесеныя ў дагавор ужо ў 2016 годзе. 

Міністр паведаміў, што расійскі бок настойвае на дазволе паралельнага імпарту ў дачыненні да лекаў і медыцынскіх вырабаў, казахстанскі — аўтазапчастак. «Гэтыя асноўныя дзве таварныя групы і з`яўляюцца прадметам абмеркавання», — сказаў ён. 

Акрамя таго, разглядаюцца і іншыя групы тавараў, у тым ліку прадукты харчавання, парфумерыя і касметыка. Паводле слоў Сулейменава, беларускі бок мае намер вывучыць прапановы сваіх партнёраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?