Амаль тры гады сям'я Брэляў змагаецца з КУП «Дырэкцыя па будаўніцтве Мінскага метрапалітэна». Іх дом стаіць на самым ускрайку катлавана, у якім будуюць станцыю метро «Вакзальная», што будзе на трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна. Але Брэлі ўпарта не жадаюць адсяляцца, бо тое жыллё, што прапанавала ім «Дырэкцыя», сям’ю не задаволіла.

«Нам прадаставілі трохпакаёўку, але там не хапае метраў. Згодна з указам прэзідэнта, на чалавека павінна быць выдзелена 15 м2. Мы атрымалі менш», — распавядае Наталля Брэль.

Наталля Брэль. За яе спінай відаць бытоўкі будаўнікоў. Ад іх плота да будоўлі — усяго некалькі метраў

Наталля Брэль. За яе спінай відаць бытоўкі будаўнікоў. Ад іх плота да будоўлі — усяго некалькі метраў

Цяпер у зялёным драўляным дамку пасярод будоўлі, адзіным, што застаўся ад мясцовага прыватнага сектара, жыве шэсць чалавек: Іван і Наталля, трое іх малых сыноў, і бацька Івана.

У 2012 годзе яны атрымалі рашэнне аб высяленні, расказвае Іван. Ім выдзелілі трохпакаёвую кватэру, але ацэнку маёмасці не правялі. У той кватэры на кожнага з членаў сям'і і далёка не было належных 15 метраў. Да таго ж, пакуль прымалася рашэнне, якую кватэру ім даваць, у Брэляў нарадзіўся яшчэ адзін сын. Але налічваць метры на яго чамусьці ніхто не захацеў.

Іван і Наталля Брэль з малодшым сынам.

Іван і Наталля Брэль з малодшым сынам.

«Мы адмовіліся з’язджаць, на нас падалі ў суд. Суддзя аказалася прынцыповай і вырашыла пытанне на нашу карысць. Затым яе рашэнне адмянілі і справу перадалі новай суддзі. Той указ прэзідэнта быў «па барабану», вырашыла яна па-свойму, — кажа Іван Брэль. — Мы звярнуліся ў Савет Міністраў. Ён пацвердзіў, што мы маем рацыю, метраж нам далі няправільны».

Але нават Савет Міністраў не выратаваў сітуацыю.

«У судзе сказалі, што і Савет Міністраў ім не ўказ. Паведамілі — дзіцяці вашаму ніякіх метраў не належыць. Мы напісалі ў «Советскую Белоруссію», яны параілі звярнуцца ў пракуратуру. Пракурор падаў пратэст, а яму тыя ж суддзі адмовілі. І ўсё. Зараз мы звярнуліся ў Генеральную пракуратуру. Чакаем адказу», — кажуць Брэлі.

«Справа не ў тым, што мы не хочам з’язджаць, — тлумачыць сям'я сваю пазіцыю. — Мы хочам, каб усё было згодна з законам. Павінна быць адэкватнае стаўленне да людзей. Мы хочам раўназначны метраж. А згодна з указам прэзідэнта нам павінны даць па 15 метраў на чалавека. Тут два ўласнікі, і даць, па вялікім рахунку, павінны дзве кватэры. З кіраўніцтвам метрапалітэна мы нават не размаўлялі. У іх непрымірымая пазіцыя — мы і так вас выкінем. У сваю чаргу, я і сам не буду з імі размаўляць, пакуль не будзе ацэненая мая маёмасць».

Жыццё фактычна на будаўнічай пляцоўцы, канечне, прыносіць шмат клопату і самім Брэлям. Але ўсё роўна, яны збіраюцца змагацца за тое, каб справу вырашылі па законе.

Будоўля ідзе непасрэдна за плотам Брэляў

Будоўля ідзе непасрэдна за плотам Брэляў

«Спачатку рабочыя ставіліся да нас насцярожана — нават не пускалі машыну. Але потым ужо нармальна — нават вітаюцца. Ва ўсякім выпадку, праблем больш не ствараюць, — распавядае Іван. — Была яшчэ гісторыя, калі майму бацьку давялося адбівацца ад сабакаў, якія пільнуюць тэрыторыю. Тады мы сабралі сямейную раду — што рабіць? Бо дзеці ж ходзяць, усякае можа здарыцца. Ну і вырашылі прыкарміць тых сабак. А што заставалася? Так што цяпер яны нас не чапаюць».

А ўчора, 9 сакавіка, Брэлям уручылі пастанову з аддзелу прымусовага выканання рашэнняў суда Кастрычніцкага раёна. Судовыя выканаўцы інфармуюць, што заўтра, 11 сакавіка, Брэляў прыедуць высяляць з хаты. Гэта не надта іх палохае. Але, кажа Іван, у аддзеле выканаўчай вытворчасці яму паведамілі, што сям’ю высяляць, а малога аддадуць у органы апекі.

«Мне патлумачылі так: нас высяляюць, малы застаецца ў доме, адпаведна, мы дрэнныя бацькі. А выселіць яго нельга. Гэта за тое, што мы паскардзіліся на суддзю. Нам адкрыта было сказана: «Скардзіліся? Вось вам, калі ласка!». Ды і сама суддзя сказала майму бацьку, што ён пойдзе на вуліцу смецце падмятаць. А ён 40-га года нараджэння. Ён сказаў, што калі яго фашысты не дабілі, то і цяпер ён пойдзе да канца», — кажа Іван.

Дом Брэляў знаходзіцца ў самым цэнтры Мінска, за некалькі хвілін пехатою ад Цэнтральнага чыгуначнага вакзала.

Дом Брэляў знаходзіцца ў самым цэнтры Мінска, за некалькі хвілін пехатою ад Цэнтральнага чыгуначнага вакзала.

Да таго ж, па яго словах, амаль ніхто з іх былых суседзяў не задаволены тым жыллём, што далі.

«Проста кагосьці засудзілі, кагосьці ўгаварылі… Толькі вось мы пакуль змагаемся, — кажа Іван. — Мы звычайныя грамадзяне. Не так шмат зарабляем. Дом - гэта ўсё, што мы маем, зразумейце».

І стаяць за свой дом Брэлі збіраюцца да апошняга.

P.S. Непасрэдна перад тым, як матэрыял трапіў на сайт, у Рэдакцыю патэлефанаваў Іван Брэль. «Мне сказалі, што заўтра будзе штурм, - паведаміў ён. - Паспрабуем адбіцца па законе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?