Журы прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча вызначыла кароткі спіс намінантаў на атрыманне ўзнагарод гэтага літаратурнага спаборніцтва, паведамілі ў Беларускім ПЭН-Цэнтры.

Так, у намінацыі «Проза» прадстаўлены Віталь Воранаў з кнігай апавяданняў «Шэптам», Аляксей Палачанскі і яго празаічны зборнік «Мой цвік», а таксама Раман Свечнікаў з першай часткай дзённікаў падарожніка «Рома едзе».

За атрыманне прэміі ў галіне паэзіі пазмагаюцца Таццяна Нядбай са сваёй дэбютнай кнігай «Сірэны спяваюць джаз», Антон Рудак са зборнікам «Верхні горад» і Юлія Цімафеева з «Кнігай памылак».

Арганізатары літаратурнай прэміі паведамілі, што сёлета прэмія ў намінацыі «Пераклад» прысуджацца не будзе.

Абвяшчэнне фаварытаў прэміі і цырымонія ўзнагароджання адбудзецца вечарам 24 сакавіка ў філіяле Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры «Літаратурны музей Максіма Багдановіча» ў Мінску. Лаўрэаты прэміі атрымаюць прыз у выглядзе чэка на 30 млн беларускіх рублёў ад дабрачыннага фонду «Вяртанне». 

Штогадовая прэмія «Дэбют» была заснаваная ў 2010 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам і Саюзам беларускіх пісьменнікаў пры падтрымцы бізнесмена Паўла Бераговіча. Прэмія ўручаецца аўтарам, якім не больш за 35 гадоў, за лепшыя дэбютныя творы ў жанрах прозы, паэзіі і мастацкага перакладу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?