Прыводзім вытрымкі з рэпартажа.

Ігар Грабцоў і Матарола.

Ігар Грабцоў і Матарола.

За 34 гады свайго жыцця Ігар Грабцоў — выпускнік факультэта паліталогіі і сацыялогіі Уральскага універсітэта — паспеў папрацаваць у газеце «Коммерсант» і ў газеце «Жизнь», памочнікам дэпутата, прэс-сакратаром мэра і кансультантам Мінабароны па пытаннях узаемадзеяння са СМІ, паўдзельнічаць у аперацыі па далучэнні Крыма, асвоіць супрацьтанкавы кіраваны ракетны комплекс і падбіць танк украінскай арміі на ўзлётнай паласе Данецкага аэрапорта. 3 снежня ён быў цяжка паранены, правёў два месяцы ў шпіталях — спачатку ў Данецку, потым на Урале — і вярнуўся дадому, у горад Лясной на поўначы Свярдлоўскай вобласці. Пад Данецкам Грабцоў ваяваў у атрадзе «Спарта», якім камандуе Арсень Паўлаў — вядомы па пазыўным «Матарола».

Цяпер два тыдні Ігар кожны дзень ездзіць з Ляснога ў Качканар на працу, у рэдакцыю газеты «Качканарский четверг». Разам з Ігарам там цяпер чацвёра карэспандэнтаў на 28-палосны штотыднёвік, не лічачы абавязковага штодзённага абнаўлення сайта.

(…)

«Вайна» — так на планёрцы і паміж сабой у рэдакцыі называюць серыял успамінаў Ігара Грабцова пра яго ўдзел ва ўкраінскіх падзеях. Першы матэрыял на паўтары паласы пад гучнай назвай «Лёс апалчэнца» выйшаў у сярэдзіне лютага і быў прысвечаны падзеям у Крыме напярэдадні і пасля рэферэндуму.

«У ноч на 7 сакавіка маё жыццё змянілася карэнным чынам, — піша Грабцоў у лідзе.

— Я вылецеў у Крым, каб прыняць удзел у масавых антыўрадавых беспарадках. Мэта — звяржэнне ўлады ў суседняй краіне».

Фотаздымкі пракаментаваў так: «Гэта мы сустракаем цягнік «дружбы з Майданам». Усіх сустрэлі. Білі».

У камп’ютары ў Грабцова шмат фатаграфій праўкраінскіх маніфестацый у Крыме, ён з задавальненнем паказвае іх, каментуючы: «Вось гэтага, які шмат выступаў, мы потым затрымалі і адправілі ва Украіну. Там было шмат лозунгаў пра акупантаў і ўсё такое,

але я згодны з адным: «Рэферэндум — крок да вайны». Мы яе хацелі, яе хацелі людзі, якія жылі ў Крыме і потым з'ехалі на Данбас.

Так, рэферэндум — крок да вайны, да вайны за тое, што Украіна — кавалак Расіі. Калі хто-небудзь думае па-іншаму — мы не згодныя».

«Не ўсе жанчыны, з якімі мы спалі, хацелі з намі спаць»

Увечары ў Лясным Ігар грае сваім сябрам на гітары і спявае. А потым распавядае пра свае прыгоды. Амаль усе, хто сядзіць у гасцёўні — бізнэсоўцы: уладальнікі або кіраўнікі мясцовых прадпрыемстваў. Адзін з іх прызнаўся, што дапамагаў Ігару грашыма, калі той збіраўся ехаць у Данбас.

(…)

Адзін з прысутных, 28-гадовы Міхаіл, прадпрымальнік у сферы мікрафінансавання, уступае ў размову. «У гэтым і праблема, што мы лічым, што Украіна — гэта наша Украіна, — кажа ён. — А яна не наша! Гэта незалежная краіна, Ігароха. Гэта незалежная краіна, якая мае сваё права … Хоча яна ў Еўрасаюз — хай яна ўступае ў Еўрасаюз».

— Няма ніякай Украіны, — адказвае Ігар. — Няма вайны паміж Расіяй і Украінай, ёсць вайна паміж Расіяй і ЗША, а ўкраінцы — толькі кавалачкі мяса.

— Ну ты сказаў, — не сціхае Міхаіл, — Украіна мае права на незалежнасць, мае права ўступіць у Еўрасаюз? Ці яна заўсёды павінна быць прыдаткам Расіі?

— Калі Расія не супраць — няхай ўступае.

— Гэта значыць, ты лічыш, што любая краіна, якая была ў Савецкім Саюзе, да гэтага часу павінна быць нашай?

- Не. Любая краіна, за якую праліта хаця б кропля рускай крыві, можа быць часткай Расіі.

— Але калі яны не хочуць быць з намі?

— Ведаеш, Міша, гэта як пытанне з жанчынамі. Не ўсе жанчыны, з якімі мы спалі, хацелі з намі спаць. Але мы былі мужчынамі і пераканалі іх у адваротным.

Мужчыны — а за сталом адны мужчыны — гучна смяюцца.

— Тое, пра што ты зараз кажаш, — скрозь смех кажа Міхаіл, — больш падобна на згвалтаванне …

У канцы лістапада, распавядае Ігар, на пад'ездзе да аэрапорта яго атрад падбіў некалькі бронемашын забеспячэння ўкраінскай арміі.

Адзін БТР застаўся некранутым, украінскія байцы кінулі яго на паласе. «Яны адпаўзалі, мы дабілі некалькі чалавек на зямлі, — успамінае Ігар. — І потым увечары нам кажуць: «Ідзіце марадзёрыць БТР». Я думаю: так, вясёлая справа — марадзёрыць БТР. Мы ўзялі тачку і пайшлі марадзёрыць … »

(…)

Залез я ў гэты БТР — там фоцік, акуляры. Мы дасталі ўсё гэта, падзялілі паміж пацанамі. Адна скрынка была аформлена асобна. На ёй надпіс: «Ад школьнікаў Краснаармейска». Унутры — пачка малюнкаў і ліст.

Частку малюнкаў, запэўнівае Ігар, Матарола потым перадаў украінскім байцам — падчас перамоваў аб спыненні агню ў аэрапорце. Іншую частку Ігар забраў з сабой і цяпер часта разглядае. Некаторыя намаляваныя вучнямі другога класа — яны больш наіўныя, але і больш шчырыя. Іншыя — вучнямі сёмага класа.

— Навошта вы іх наогул забралі?

— Таму што на іх былі яркія, прыгожыя колеры, былі намаляваныя такія мілыя добрыя рэчы.

На вайне гэтага не хапае — гэтых дзіцячых, мілых рэчаў.

На вайне ўсё, што я бачу, — чорная зямля, рудая трава і трохі снегу. Аскепкі шэрыя, танкі — чорныя.

 — У вас ёсць дзеці? Што вы ім потым распавядзеце?

 — Сын. Тры гады і восем месяцаў, і ён ужо зараз слухае пра вайну. Часам ён мяне пытаецца: «Тата, а ты ўсіх фашыстаў забіў?» Я кажу: «Не, не ўсіх». — «Гэта значыць, там засталіся фашысты? Ты паедзеш яшчэ?» Я яму: «А ты як хочаш?» Кажа: «Хачу, каб ты больш не ездзіў». — «Ну добра, не паеду».

 — А вы ўпэўнены, што ваявалі з фашыстамі? Што ўсе, каго вы забілі, былі фашыстамі?

— Строга кажучы, не. Але наогул — так.

Рускія ўвесь час ваююць з фашыстамі.

Нашы продкі, нашы дзяды ваявалі з фашыстамі, і пакаленні рускіх людзей чакалі, калі нарэшце будзе нейкі такі ж дрэнны вораг. Калі з'явіўся, мы назвалі іх фашыстамі. Пляваць, што яны думаюць на свой конт. Нам падабаецца называць іх фашыстамі.

(…)

На пытанне, ці вернецца ён назад, Ігар адказвае: «Так, хацеў бы. Але пакуль увесь час знаходжу адмазкі, каб гэтага не рабіць».

Друкуецца ў скароце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0