Дыверсіфікацыя экспарту павінна стаць драйверам эканамічнага росту, таму яна з'яўляецца галоўным акцэнтам праграмы дзейнасці ўрада ў 2015 годзе.
Аб гэтым заявіў сёння на нарадзе ў Віцебскім аблвыканкаме прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў.
Прэм'ер-міністр звярнуў увагу, што задача аднаўлення нармальнай работы прамысловага комплексу з'яўляецца ключавым праблемным пытаннем. Зрабіць перазагрузку гэтай сістэмы ў новых знешніх умовах за кошт унутранага попыту, як гэта было ў 2008-2009 гадах, немагчыма з-за шэрага прычын. Расійскі рынак сціснуўся. Адсюль і важнасць дыверсіфікацыі экспарту. Дадзена задача ўсім загранпрадстаўніцтвам нарошчваць экспарт у краіны, дзе яны прысутнічаюць. Актывізавана работа па рабочых выездах і сустрэчах.
Андрэй Кабякоў сфармуляваў сутнасць праграмы — захаваць тое, што ёсць, у гэты эканамічна цяжкі час.
Урад прыняў меры па аднаўленні цэнавай канкурэнтаздольнасці экспарцёраў, нармалізацыі работы валютнага і дэпазітнага рынку, але шмат залежыць ад работы на месцах. «Перыяд танных грошай у вялікай колькасці мы мінулі. Цяпер давядзецца прыкласці пэўныя намаганні, - сказаў прэм'ер. - Наша галоўная задача - захаваць спакой людзей, калектывы, іх кампетэнцыю, каб цяжкія часы перажыць і затым хутка заняць тыя нішы, якія вызваліліся ў час крызісных з'яў, паколькі многія нашы эканамічныя партнёры да моманту раскрыцця рынкаў проста не дажывуць. Мы зможам усё пераадолець, калі будзем правільна рабіць і не зрывацца на простыя рашэнні, якія потым прыводзяць да сур'ёзных праблем».
Сёння Андрэй Кабякоў наведаў Віцебскую вобласць для азнаямлення з работай прамысловых прадпрыемстваў рознага профілю. Ён пабываў у ААТ «Оршабудматэрыялы», ТАА «ВА «Энергакамплект» і ААТ «Віцязь». Пасля чаго ў Віцебскім аблвыканкаме адбылася нарада аб развіцці прамысловага комплексу вобласці, праблемных пытаннях яго функцыянавання.