Ахвотней за ўсё Іра гуляла па лесе, дзе ладзіла самотныя «пікнікі», беручы з сабой бабіну вышываную сурвэтку і ежу з лядоўні. А то яшчэ можна было капеек накрасці з бацькавых кішэняў і накупляць смачнот у краме. Іра запрашала суседскую Таню, і яны сыходзілі ў лес, дзе бавілі часам цэлыя дні. Так працягвалася аж да тае пары, калі ў вёску з арміі вярнуўся руды Дораш-свінабой і ў Іры пачаліся жахлівыя дні.

Быў ветраны ранак са скаклівымі плямамі сонца на траве пад яблыняю, калі Таня прыбегла да Іры. Дарослых дома не было, дзяўчынкі вынеслі ў двор цэлую гусятніцу з блінчыкамі і палову апрасталі.

Пасля, аблізваючы пальцы, Таня сказала:

— Ірка, пайшлі пабачым, Дораш сваю кошку з кацянятамі жыўцом закапаў, яна яшчэ дыхае, і зямля на баку падымаецца.

Дзяўчынкі пабеглі за вёску, прабеглі спачатку кукурузнае поле, а потым жытняе і наблізіліся да старой грушы, якая адна засталася стаяць у шчырым полі. Хадзілі цьмяныя показкі, што тут колісь быў кулацкі хутар з вялізным садам, жыла вялікая сям’я, а потым іх усіх пазвозілі, як негадзяшчых сабак, селішча зааралі. Толькі груша расце тут са старых часоў, падае, развальваецца, а з пня ў яе зноў груша прарастае, новая, і тую грушу рушыць нельга, бо гэта чортава месца.

— Тут! — сказала Таня. — Мы самі бачылі, як ён закопваў, кацяняты ўніз, а яе наверх. Яна не адкапаецца, бо кацянят не захоча кінуць. Бацька кажа, Дораш цяпер свіней б’е, сабак вешае і катоў зводзіць. Так што ўсе мужыкі цяпер свабодныя, а то не ўмеюць і жывёлы прыбіць, блююць. Давай зямлю палачкай адграбем, паглядзім, ці дыхаюць.

Таня і Іра адгрэблі палачкамі зямлю і ўбачылі кошчын бок, каляровую поўсць, якая ўздымалася ад дыхання.

— Яна дыхае, — сказала Іра, — дыхае. Трэба адкапаць.

— Дораш сказаў: хто маю кошку адкапае, таго я швайкай закалю. Ты ведаеш, як ён свіней швайкаю коле і конаўкамі кроў п’е? Вочы ў яго ад таго красныя-красныя, як кроў, і чорныя-чорныя, як у крумкача. Ён вось так тыя страшныя вочы на нас вылупіў (Таня як магла вырачыла блакітныя вочы і для постраху яшчэ разявіла рот) і кажа страшным голасам: «Дзеці, хто маю кошку выкапае, таму швайку засаджу, усю кроў вып’ю, а вушы адрэжу і сабакам пакідаю!» Мы спужаліся і паўцякалі.

— А нашто ён кошку закапаў?

— Пабл.душчая ў яго кошка. Трэціх кацянят прынесла.

— Дык лепей бы ён кацянят тапіў. Ім не баліць, яны сляпыя і глухія. Толькі пішчаць: міў! міў! міў!

— Не ведаю, Іра, толькі давай кошкі не выкопваць, яна вунь і так ужо дыхаць перастае, выкапаем, а яна толькі мучыцца будзе. Хай ужо дадыхае. А як Дораш дазнаецца, што мы выкапалі, дык не будзе нас на гэтым свеце.

— Танька, ты як хочаш, а я адкапаю, можа, і кацяняты жывыя. Я іх схаваю ў лесе і буду ім малако насіць.

— Ірачко, галубачко, не рабі ты таго! Я баюся.

— Ты ідзі за ламаччам стань і цікуй, ці не ідзе хто. А ад мяне адвярніся задам, потым скажаш: я не ведаю, што там дурная Мажэйкава рабіла.

Іра большай палкаю абвяла контуры ката і стала акуратна разграбаць зямлю, каб не параніць кошкі ці кацянят. Дагрэблася спачатку да хваста, а потым і да галавы. Кошка ляжала ў кавалку салафану, ашчэрыўшы зубы. Бок яе ўжо не ўздымаўся. Не дыхалі і трое маленькіх, як пацучаняты, кацянят.

Іра падняла загінулае сямейства ў кавалку салафану, потым паклала ў падол сарафаніка. Што з імі рабіць, яна не ведала. Зноў закопваць у зямлю — але там яны прынялі пакутніцкую смерць. Іра ведае, што такое быць закапанаму жыўцом, бабка распавядала, што адну дзяўчыну пахавалі, а потым яе брат з войска прыехаў, спазніўся на пахаванне, кажа: адкопвайце, развітаюся з сястрой. А дзеўка там у труне перавернутая, увесь твар і грудзі параздзіраныя і валасы павырываныя — так са страху сябе драла.

Іра пастанавіла занесці сям’ю і ўтапіць у канаве. Там яны стануць краскамі і вадзяной травой.

— Ну і што гэта ты робіш? — пачуўся раптам страшны мужчынскі голас, густы, нібыта з дзежкі. Іра рэзка ўскінула галаву і неяк разам пабачыла, як ціха адступае праз ламачча Танька і як выходзіць з кустоўя буйная мужчынская фігура ў калматай шапцы. Потым Іра ўведала, што Дораш ніколі не здымае сваю рудую лісіную шапку з хвастом.

Іра застыла, высока трымаючы прыполік белага сарафана. Дораш няспешна разгледзеў яе аленія ножкі з вострымі каленцамі, а потым узняў цяжкі позірк на Ірын твар, дзе вялікія вочы, востры нос і доўгі рот нібыта змагаліся за месца.

— Чыя ты такая?

— Мажэйкава Іра.

— Ага. Іра Мажэйка насатая. Давай сюды маіх катоў.

— Вы сволач! Не дам я ніякіх катоў вам!

— А ты ведаеш, хто я такі?

— Вы — Дораш, што свіней коле. Я вас не баюся. Як вы мяне заколеце, вас міліцыя забярэ.

Дораш памаўчаў з дзіўнай крывой усмешкаю. У яго сапраўды вочы былі і чырвоныя, і чорныя — бялкі налітыя крывёй, а колцы чорныя-чорныя, ды яшчэ і зрэнкі вялікія, нібыта налітыя смалою. Дзіўна, але блізарукая Іра бачыла Дораша ў кожнай драбніцы — кароткая рудая шчэць на шчоках і падбароддзі, клятчастая кашуля з закасанымі рукавамі, на плячы пінжак вісіць; штаны запраўлены ў кірзачы. І гэта дурная шапка. Іра не баялася яго, толькі дыхаць стала цяжка і ўцячы не было як — кошка з кацянятамі выпадзе з падола.

— Хадзі сюды, Бурацінка, не бойся, я табе аддам катоў дый яшчэ зоркі пакажу.

— Якія зоркі ўдзень? Удзень іх небам зацягвае і хмарамі. А вось ноччу іх відаць, бо неба адкрываецца.

— А ёсць месцы, адкуль удзень відаць, з пограба, калодзежа і з такіх спецыяльных месцаў. Я адно такое знаю.

— Не хачу я вашых паганых зораў. Нашто вы кошку закапалі? Знаеце, як ёй балела і страшна было? А каб вас жыўцом закапаць?

— Я магу ажывіць кошку. У мяне ў кармане бутэлечка з вадой, прамыем ёй нос і рот ад пяску, задыхае. Нясі сюды.

Іра не скранулася з месца, але Дораш стаў спакваля падыходзіць да яе, сунуўшы руку ў кішэню, нібыта даставаў адтуль бутэлечку. Потым акуратна ўзяў з Ірынага падоліка «салафан» з кацінаю сям’ёй (салафан-сарафан, вершык можна скласці, падумала Іра), паклаў іх пад грушаю, а Іру ўзяў за руку і сказаў:

— Вось тут, за грушаю, ёсць стары пограб, як ляжаш там, то адразу зоры пабачыш. Я ляжаў тут знаеш колькі начэй, глядзеў… Гэта такое ваўшэбнае месца.

— Я не буду нікуды лягаць, у мяне белы сарафан, мама будзе крычаць.

— Я падсцялю пінжак.

Дораш акуратна пасцяліў пінжак і стаў гнуць Іру, пакуль яна не легла. Потым расправіў сарафанчык:

— Бачыш, сарафанчык увесь на пінжаку, будзе цэлы і чысты.

— Пусціце мяне, я ніякіх зор не хачу!

Але Дораш толькі яшчэ мацней сціснуў Іру і ўвесь наваліўся на яе, нібыта гара.

— Мне дыхаць цяжка, пусціце! — крыкнула дзяўчынка.

— Не крычы, не крычы, а то вушка адкушу, — сказаў Дораш і прыхапіў зубамі Ірына вуха, а сам стаў калыхацца на Іры.

Потым прашаптаў ёй на вуха:

— Бачыш, мы нібыта ў лодачцы па возеры плывем, і зоры ў небе ківаюцца-ківаюцца.

Іра адчувала, што дзеецца нешта паганае, але што, даўмецца не магла, дый крычаць не хацела, яшчэ хто пачуе і ўбачыць, што на ёй ляжыць Дораш, а гэта «стыдна».

І яна вырашыла пацярпець, пакуль Дораш наківаецца, а потым схапіць катоў і ўцячы так, што толькі ламачча затрашчыць.

Але Дораш і не думаў спыняцца. Ён спачатку гладзіў Ірыны ногі, высока, высока, аж да майткоў. Маці казала Іры, каб яна сама не чапала трусікаў і і нікому не дазваляла, бо гэта стыдна.

Таму, калі Дораш пальцамі пачаў гладзіць Іру праз трусікі, а потым адсунуў іх перамычку, яна паспрабавала закрычаць і вырвацца, і тады Дораш заціснуў ротам Ірыны вусны, а ўніз жывата ўсадзіў ёй швайку.

«Ён мяне закалоў», — здагадалася Іра праз страшны боль. «Гэта кроў бяжыць па нагах, увесь сарафан будзе брудны, як знойдуць».

— Я толькі паважу, я рваць не буду, — мармытаў Дораш, ківаючыся на Іры.

— Вы мяне зарэзалі сваёй паганай швайкаю, — праз слёзы і боль сказала Іра, — дык закапайце з тымі кацянятамі.

Раптам Дораш напружыўся, абапёрся на рукі, усхапіўся і ламануўся прэч, пакінуўшы Іру на пінжаку.

Праз жыта да старое грушы беглі людзі, спераду імчала ў сваім зялёным плацечку Таня.

— Ён спужаўся і ўцёк, бо мяне зарэзаў і катоў пабіў. Яго трэба ў міліцыю, — сказала заплаканая Іра суседзям.

Вечарам Іру і Таню ў Ірынай хаце распытвала міліцыя — дзядзька і цётка з рыпучымі тэчкамі.

— Дораш мяне швайкаю пароў, ды не дабіў, — сказала ім Іра. — Але нос разбіў і катоў закапаў. І ледзь мяне не раздушыў.

— А ў чым ён быў адзеты?

— У ботах, шапцы, штанах і клятчастай кашулі.

— А рэмень быў?

— Быў, з бліскучай спражкаю, а на ёй зорка.

— Бачыце, мамаша, — сказаў міліцыянт Ірынай маме, што стаяла ў парозе. — Дзела не выходзіць. Адна кажа, што ён у ботах быў, другая — што ў бацінках. Адна кажа, папруга ў яго была са звяздой, а другая — што без папругі быў. Хімічаць нешта вашы дзевачкі.

— А як жа яго пінжак туды папаў? — спытала маці.

— А гэта, можа, і не яго пінжак. Стары нейкі, у карманах адна насоўка засмарканая. Чорт яго ведае, чый гэта пінжак, мо там і валяўся.

— Наша дзевачка такога не выдумае. Гэты бугай так і цягаецца па вёсцы, глядзіць, дзе шкоду якую ўпароць.

— Многа выдумляе. Не давалі б вы ёй столькі чытаць! А то сама прападзе і суседскай дзевачцы галаву задурыць. Дораш — герой, ён тысячу раз з парашутам саскочыў, салдат нашых ведаеце колькі ад душманаў спас?

— Мы ў раён, у вобласць паедзем скардзіцца, на вас там управу знойдуць, — прыгразіў бацька.

— Едзьце, ваша права. Ганьбіце дачку. І нашто вам яе пазорыць, яна ж цэлая засталася. Лепей дзеці глядзіце.

Міліцыянты пайшлі, маці з плачам села на крэсла. Іра прыціхла, разумеючы, што апазорыла бацькоў яшчэ горш. Ну чаму яна не такая, як усе, дый яшчэ ўліпла ў такую гісторыю? Цяпер хоць на вуліцу не вылазь, ні ў магазін не сходзіш, ні на ровары не пакатаешся. І бацька стаіць цёмны, галаву апусціў.

— Я ў раён, у вобласць паеду, я з ім разбяруся. Герой хрэнаў, камуніст сраны, — глуха сказаў бацька.

— Куды ты супраць яго…

Дзверы расчыніліся, і ў хату кумільгом уляцела старая Дорашыха, бухнулася на калені і загаласіла:

— Міленькія, родненькія, салодзенькія мае вы, гаспадара пахавала, зямельку парыць, адзін дурань на северы недзе, другі во здароўе згубіў, прыехаў, не вучыцца, не робіць, адзеты як пудзіла, не губіце, не губіце, адзін ён у мяне.

— Люба, забяры Іру спаць, канфет дай ёй, я тут з бабай сам разбяруся.

Доўга яшчэ з кухні чулася завыванне і галашэнне Дорашыхі і глухі бубнёж бацькі. Пра што дамовіліся, Іра не даведалася, але Дораш застаўся ў вёсцы, хадзіў калоць свіней усёй акрузе, гэтак жа забіваў іх адным ударам, так што ні кроў, ні мяса, ні сала, ні вантробы не псаваліся, гэтак жа выпіваў па кубку свіное крыві, нацадзіўшы яе з-пад свінога сэрца.

Праз два тыдні Іра ўсё ж асцярожна выехала з хаты на ровары. Ніхто з яе не засмяяўся, і толькі, праязджаючы ля Талашовага селішча, Іра пачула, як старая Талашыха сказала:

— Вось урод, яна ж дзіця дзіцем, яна і не разумее, што ён зрабіў.

Зрэшты, што ён зрабіў, расказалі Іры хлопцы, якія ўжо ў першым класе ведалі болей, чым ім трэба было.

Дораша Іра абыходзіла пятай дарогай і, заўважыўшы недзе рудую шапку з хвастом, уцякала чуйдух. І ён не чапаў яе, адварочваўся, сыходзіў, відаць, памятаючы дамову паміж маці і Ірынымі бацькамі. Але потым усё часцей і часцей стаў трапляцца Іры на вуліцы, і ўжо не адварочваўся, разглядаў тымі самымі, чорна-чырвонымі, сумнымі і цяжкімі вачыма.

Іра перастала спаць, па начах ёй здавалася, што пад ложкам затаіліся зялёныя ватныя коўдры, яны растуць, растуць, абдымаюць яе і душаць, душаць. Асабліва справы зрабіліся кепскія, калі Дораш падсцярог яе каля клуба, схапіў, запхнуў у дрывотню і ўсё аблапаў, а потым, прыціснуўшы да сцяны, доўга ківаўся на ёй, як «лодачка на моры».

Іра маўчала, сціснуўшыся ад страху і сораму, а Дораш шаптаў ёй на вуха:

— Не бойся, бурацінка мая, маленькая, я табе нічога не зраблю, пакалываемся трохі — і пайду. І не расказвай нікому, бо бацькам тваім і так сорамна, праходу не будзе.

Сыходзячы, Дораш сунуў Іры цукерку-смактушку. Цукерка, відаць, даўно валялася ў Дораша ў кішэні, бо ўся прасмярдзела цыгаркамі.

Ноччу, калі Іру душылі зялёныя коўдры, яна прачнулася ад уласнага крыку і зараўла яшчэ болей, пабачыўшы на сваім ложку чорны сілуэт.

— Ціха, гэта я, не бойся, — сказала бабка. — Мы зараз запрагаем і едзем да старой бабы, такой як я.

Да бабы Малышчыхі папаездзілі яны доўга. Спачатку старая баба дазваляла бабцы сядзець і глядзець, як яна лечыць Іру ад іспугу, а потым казала бабе ісці па дзярэўні пагуляць. У гэтыя сустрэчы старая баба і Іра не толькі гаварылі, але і чай з мёдам пілі, і тварог з мёдам, і агуркі з мёдам. У тае бабы ўсё было з мёдам.

Потым Малышчыха сказала:

— Дзетка, а нашто табе канём з бабай ездзіць? Тут 9 кілометраў. Бяры веласапед — і ты ў мяне.

— Баба, я Дораша баюся. Ён да мяне падходзіць стаў.

— Дорашу мы дарогу знойдзем. Ты ж ведаеш, дзе яго кошка ляжыць?

— Згніла, баба, з кацянятамі, як дажджы пайшлі. Танька казала. Адна поўсць і косці засталіся, Танька палачкаю калупала.

— Схадзіце туды з Танькаю, папрасі, каб папільнавала, скажы, што хочаш прыкапаць кошку. А пару якіх такіх костачак і поўсці трохі закруці ў салафан і мне прынясі. Толькі адна туды не хадзі, і Таньцы не кажы, чаго ідзеш. Нікому не кажы — ні маме, ні бацьку, ні бабе, ані дзеду.

— Ды дзеду кажы не кажы, глухі зусім стаў.

Няпроста было Іры адолець агіду і сабраць парэшткі ў салафанавы мяшэчак. Затое з Танькаю яны зрабілі кошцы і тром шкілецікам цудоўную магілу, у каробцы з-пад абутку, выкладзенай «золаткам» ад цукерак і абклеенай каляровай паперай, і з вялікім «сакрэцікам», на які Танька не пашкадавала брылы з зялёнага шкла, на якой стаяў у іх у зале вазон.

Чарговага разу, калі бабка адвезла Іру да Малышчыхі, а сама пайшла «гуляць па падругах» (адкуль прыходзіла, злёгку клюкнуўшы і развесяліўшыся), тая зачыніла дзверы і на зашчапку, і на ключ.

— Ката прынесла?

— Прынесла.

— А тое прынесла?

— Прынесла.

— А дзе ўзяла?

— Падкралася і вырвала, як за клубам п’яны спаў.

— Добра. Точна яго? Перахрысціса!

— Ды яго, яго!

Баба ўзяла спаліла валасы, попел з кацінымі касцямі кінула ў чыгун, дастала з-за абразоў пляшку і паклікала Іру:

— Ну-тка, нясі сюды ручкі.

Малышчыха палівала Іры рукі вадой над чыгуном і шаптала, і вада цякла спачатку шэрая, брудная, а потым сіняя («спуг выходзіў»), а потым празрыстая, светлая. Наварыла тае гадасці, нашаптала, засмярдзела ўсю хату. Наліла ў пляшку, заторкнула. Д

ала Іры бутэльку і нейкі вузлік.

— Дзевачка мая, ты ведаеш, дзе яны жывуць?

— Хто?

— Дораш з маткаю.

— Ну ведаю.

— Дык ты ідзі ўночы туды і пад ганак вузлік закапай ды вадзічкаю гэтай палі. Уночы, цёмначы. Сабаку іхняму хлеба дай, каб не брахаў.

— Не будзе іхні сабака брахаць. Ён сарваўся і ўцёк, бо Дораш яго біў.

— Ну і добра. Толькі сама вылі. Тады баяцца перастанеш, спуг пройдзе і зялёныя адзіялы пройдуць. Ну, і Дорашу дарогу пакажам.

— Куды, бабо, пакажам?

— Далёка. І не бойся нічога, я за цябе маліцца буду. На во табе крыжык на шыю, са святой зямлі.

Ноччу, калі бацькі паснулі, Іра апранулася, надзела бацькаву рыбацкую куртку і выйшла на вуліцу. Зоры гарэлі ў небе, калыхаліся, свежасцю пахла з усіх кутоў, пабрэхвалі сабакі, але не надта стараючыся, бо Іра была свая. Яна паклала бутэльку ў вялізную бацькаву кішэню, і тая часта біла яе па назе. Ад курткі патыхала хлебам, якім тата падкормліваў рыб, дзедавым тытунем і няўлоўным пахам роднага дому, які трохі гамаваў страх.

Па лістах ззаду нешта зашурхала, пайшло за Іраю, нібыта невялікі сабачка. Іра сцялася ад страху, баючыся азірнуцца, але, праходзячы ля канторы і трапіўшы пад аддаленае святло адзінага ў вёсцы ліхтара, пабачыла каціны цень і такі азірнулася трошкі. За ёй ішла котка, паласатая-насатая Дорашава котка, але гэта не магла быць Дорашава котка, бо тая не адкідвала б ценю. І, напэўна, за ёй ішлі б таксама мёртвыя кацяняты, а тут ідзе адна котка, суцяшала сябе Іра. Ды і духі не шуршаць лістотай. Аднак страх усё рос і рос, адной рукой Іра сціскала крыжык на шыі, а другой пляшку ў кішэні, і сорак разоў пачынала малітву «Ойча наш», і з перапуду ні разу не скончыла.

Ніколі Іра не забудзецца на гэты начны паход, і ніколі не забудзецца жаху, з якім закопвала вузлік і палівала вадой з бутэлькі. Коткі не было бачна, толькі ціха, шурстка праносіліся цені мятлушак і дробных кажаноў.

Назад Іра бегла, некалькі разоў упала, абадрала рукі і калены, угваздала бацькаву куртку.

Але з гэтае начы яна спала спакойна.

 

Эпілог

Калі Іра ўбачыла Дораша, які ішоў сцежкаю да іх хаты, яна ўхапіла хлебны нож і пабегла ў сенцы. Але на ганку Дораша перастрэў бацька ў сваёй старой куртцы, ішоў з хлява.

— Мажэйка, прасці за дочку.

— Што, прыперла? Ты ж казаў, што не чапаў яе. Чаго ж цяпер ходзіш і просіш?

— Паміраю я. Бачыш, як мяне расперла? Дактары кажуць, цыроз, не пражыву я доўга. А я знаю, што не цыроз гэта, а кроў свіная мяне распірае. Дапіўса. Калоў свінню, парэзаў пальца, а адтуль як пацячэ чорная, густая, страшная. І не сціхае, не сціхае, не скручваецца.

— Бог прасціць.

— А бачыш, як мяне раздула, жывот такі, што ног не бачу. Пазаві малую, на калені стану.

— Малую я зваць не буду, і на калені не станавіся. Маці твая папастаяла тут на каленях, хопіць. Дый не даказаў бы я нічога. Але прасціць цябе не магу.

— Дай я табе яблыні прышчаплю. Прашчальныя яблыкі мае ў садзе ў вас будуць.

— І яблык прашчальных тваіх нам тут не трэба.

Іра стаяла, калоцячыся на халоднай падлозе ў сарочцы, слухала і разумела, якая дарога чакае Дораша.

Праз шмат гадоў, брындаючы па могілках, яна натыкнулася на яго магілу і пабачыла, што яму было ўсяго пад трыццаць. На медальёне ён выглядаў яшчэ маладзейшым і быў без свае хвастатае шапкі.

Ва ўсіх ваколічных лясах растуць «прашчальныя яблыні» Дораша, якія ён хадзіў і шчапіў, пакуль мог.

Іра пакачала яблык доўгай нагой у залатым басаножку. Цяпер ёй самой троху за трыццаць. Як завецца гэты яблык, увесь у сіняках, як наша доля? Белы наліў. Яшчэ вядуцца ў лясах такія яблыкі: бэры, дулі, апорты, ранеткі, цыганкі (шызыя кастрычніцкія) і антонаўкі. Дораш умеў біць свіней і шчапіць яблыні.

А Іра паказала яму дарогу.

***

Апавяданне Евы Вежнавец «Іра ў залатых басаножках» друкуецца ў газетным варыянце. Пры канцы вясны яно выйдзе ў кнізе «Дванаццаць актаў». Пад адной вокладкай яна аб’яднае такіх непадобных аўтараў, як Уладзімір Някляеў, Ева Вежнавец, Людміла Рублеўская, Алесь Аркуш, Сяргей Прылуцкі, Юры Станкевіч, Алена Брава, Аляксандр І. Бацкель, Макс Шчур, Югася Каляда, Сяргей Вераціла… Ёсць і літаратурная містыфікацыя: маладая харызматычная аўтарка Марта Локіс.

Укладальнік, пісьменнік Уладзіслаў Ахроменка, кажа, што гэта будзе зборнік эратычнай прозы, але не толькі. «Акт — з’ява найперш мастацкая. А калі такіх актаў дванаццаць, то і чытацкае задавальненне мусіць стаць адпаведным».

Клас
6
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0