«НН»: Нядаўна ў Крамлі казалі аб пераглядзе законнасці далучэння ГДР да ФРГ. Як гэта ўспрынялі немцы?

фота Еўрарадыё

фота Еўрарадыё

Ханс-Георг Вік: Гэтыя словы былі прынятыя са здзіўленнем і недаверам. Насамрэч, ніхто не прымаў заяву ўсур’ёз, як і многія іншыя спробы Масквы перапісаць гісторыю. Як можа хтосьці з Крамля паставіць пад сумнеў падзею, якая стала вынікам міжнародных і ўнутраных перамоваў, без адзінага стрэлу, і была ўхвалена на тэрыторыі Германіі, Еўропы і ў іншых краінах свету. Савецкі Саюз таксама быў важнай часткай гэтых перамоваў, якія, дарэчы, паклалі канец халоднай вайне. Савецкі Саюз замацаваў вынікі перамоваў подпісам. Няўжо Крэмль хоча адклікаць гэты подпіс, пастаўлены ў 1990 годзе?

«НН»: Нядаўна паведамлялася, што Расія плануе выдаткаваць 25% свайго бюджэту на армію. Што вы думаеце пра гэта?

ХГВ: Шмат год таму Пуцін адмовіўся ад мадэрнізацыі расійскай эканомікі і ўкаранення тэхналагічных інавацый разам з еўрапейскімі партнёрамі. Замест гэтага ён зрабіў стаўку на перазапуск абароннай прамысловасці савецкага ўзору ў сучаснай Расіі. Пуцін адкрыта кажа пра маштабную праграму пераўзбраення, якая мусіць заняць не адзін год. Па меркаванні Пуціна, прыярытэтнай мэтай Расіі ёсць стварэнне вайсковых сілаў, здольных выконваць заданні ў любых умовах.

«НН»: На вашу думку, ці магчымы поўнамаштабны ваенны канфлікт паміж Захадам і Расіяй?

ХГВ: Я чакаю новую «жалезную заслону», якая будзе раздзяляць дзве «Еўропы», утрымліваць Расію ад экспансіі супраць краін —былых членаў СССР і абароніць краіны — члены НАТА і ЕС ад адкрытай канфрантацыі з Расіяй.

«НН»: Як вы ацэньваеце ролю Мінска ва ўрэгуляванні ўкраінскага канфлікту?

ХГВ: Беларусь стаіць перад дылемай: з аднаго боку, яна залежыць ад добрых эканамічных і фінансавых стасункаў з Расіяй.

З іншага боку, у Мінска няма ілюзій наконт доўгатэрміновых планаў Масквы ў дачыненні самастойнасці Беларусі і іншых былых дзяржаў СССР. А паляпшэнне адносінаў з Захадам — напрыклад, вызваленне ўсіх палітычных вязняў — нарадзіла б новую заклапочанасць аб намерах Мінска ў вачах Расіі.

Улічваючы небяспечнае становішча Беларусі як суседняй з Расіяй дзяржавы, адзінае лагічна правільнае палітычнае выйсце для Лукашэнкі — праяўляць ініцыятыву, якая падыме прэстыж краіны і яго ўласны ў вачах міжнароднай супольнасці.

Лукашэнка крытычна ставіцца да любога магчымага ўварвання Расіі на тэрыторыю краін былога СССР. І ён дакладна транслюе гэту пазіцыю і Расіі, і народу сваёй дзяржавы. Ён выдатна разумее, што народы і ўрады большасці постсавецкіх дзяржаў заклапочаны магчымасцю гібрыднай вайны з боку Расіі ці іншага ўмяшальніцтва ці ціску з прамым ці непрамым выкарыстаннем сілы.

«НН»: Як вы думаеце, ці зможа Беларусь захаваць нейтралітэт у расійска-ўкраінскім канфлікце?

ХГВ: Я спадзяюся, што Беларусь здолее шчыльна супрацоўнічаць з Украінай і гарантаваць сваю незалежнасць. На жаль, Беларусь упусціла больш за адну магчымасць мадэрнізаваць сваю індустрыю і атрымаць доступ да еўрапейскіх рынкаў.

«НН»: Дык, можа, прыйшоў час зняць санкцыі з Лукашэнкі?

ХГВ: А ці ёсць у Лукашэнкі зацікаўленасць у паляпшэнні адносін з ЕС? Калі ёсць, ён ведае, што рабіць.

«НН»: Апошняе пытанне не пра палітыку: ці не падзеліцеся, чым займаецеся цяпер?

ХГВ: Я з’яўляюся чалавекам акадэмічнай супольнасці і ладжу семінары ў нямецкіх універсітэтах, у асноўным на тэму трансфрмацыі ва Усходняй Еўропе — гістарычным і культурным суседзе Германіі. Гэтыя семінары наведваюць і ўсходнееўрапейскія студэнты.

Еўрапейскія нацыі прайшлі доўгі шлях ад катастрофы 1940-х да новых магчымасцяў і разам з тым выклікаў цяперашняга часу. Нельга заставацца ўбаку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?