Святло. Фота: Fabrizio Carbone/EPFL

Святло. Фота: Fabrizio Carbone/EPFL

Навукоўцы Федэральнай політэхнічнай школы Лазаны, Швейцарыя, паведамілі пра вынаходніцтва метаду «фатаграфавання» фатонаў, з дапамогай якога можна паказаць карпускулярна-хвалевы дуалізм святла. Методыку яны апісалі ў часопісе Nature.

Эксперымент дазволіў літаральна паказаць на фота квантавую механіку, чые законы непадобныя да класічнай механікі, звыклай у маштабах чалавека.

Святло, што ёсць патокам фатонаў, накіроўваецца праз лазерны імпульс у нанапровад дыяметрам у 0,00008 мм. Лазер надае энергію зараджаным часцінкам у самім нанапровадзе — тады святло пачынае вандраваць у процілеглых напрамках, плынь насустрач плыні. У выніку сустрэчы дзвюх хваляў утвараецца трэцяя стаячая хваля.

Менавіта стаячую хвалю можна «сфатаграфаваць». Для гэтага трэба накіраваць на нанапровад паток электронаў, які пры ўзаемадзеянні з хваляй запаволіцца ці паскорыцца. Звышхуткі мікраскоп можа зафіксаваць пункты, у якіх адбываецца змена хуткасці — з іх і складаецца «здымак».

Калі электроны сутыкаюцца з фатонамі ў стаячай хвалі, яны мяняюць хуткасць фатонаў у хвалі. Змены адбываюцца «пакетамі» энергіі, квантамі. Гэта паказвае, што хваля ёсць патокам часцінак.

Каб тлумачэнні не выглядалі «завумнымі», навукоўцы прапанавалі вясёлае відэа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?