У Брэсце распачалі крымінальную справу за паклёп на кіраўніка дзяржавы. Адзін з мясцовых жыхароў зрабіў плот з палітычнымі лозунгамі.

«Будавалі камунізм, а атрымалі крызіс», — самы кароткі лозунг з тых, што можна прачытаць на вуліцы Ясеніна ў Брэсце. Менавіта там жыве 63-гадовы Міхаіл Лукашэвіч. Берасцеец літаральна пабудаваў плот з самаробных транспарантаў.

Народныя мудрасці і афарызмы ўласнага аўтарства — «плакаты» з імі, як кубікі канструктара «Лега», утвараюць адно вялікае палітычнае графіці. Крытыку як савецкай, так дзейнай улады, апроч суседзяў, штодня могуць прачытаць пасажыры аўтобусаў № 6 і № 32. Плот выходзіць акурат на праезную частку.

Крытыкаваць дзейную ўладу Беларусі без пераходу на асобу ў Міхаіла Лукашэвіча не атрымалася. Следчы камітэт 29 снежня 2014 года распачаў у дачыненні мужчыны крымінальную справу. Пра гэта распавёў мясцовы праваабаронца Уладзімір Малей:

«Як улады раней рэагавалі? Пасылалі нарад міліцыі, каб тыя правялі з ім (Лукашэвічам) прафілактычную гутарку. Як грамадзянін, які мае сваю пазіцыю, ён адказваў: «Гэта мая ўласнасць! Што хачу, тое і вывешваю!». І вось цяпер стала вядома, што ў дачыненні яго распачата крымінальная справа па часцы першай артыкулу 367 Крымінальнага кодэксу — гэта паклёп на прэзідэнта».

Чалавек з прозвішчам Лукашэнка згадваецца ледзь не ў кожным другім «плакаце» спадара Лукашэвіча. Які менавіта надпіс праваахоўнікі палічылі паклёпам на кіраўніка краіны, пакуль невядома. Артыкул, дарэчы, прадугледжвае пазбаўленне волі тэрмінам да 4 гадоў.

Па словах праваабаронцы, Лукашэвіч адмовіўся ад удзелу у следчых дзеяннях. Ніводны дакумент ад праваахоўнікаў не падпісваў, а з’яўляцца да следчага адмаўляўся.

Каб яго дапытаць, міліцыя затрымлівала мужчыну. У лютым сёлета Міхаіл Лукашэвіч правёў 3 дні ў ізалятары часовага ўтрымання.

Праваабаронца Уладзімір Малей дадае, што падчас следства ў хаце Лукашэвіча рабілі ператрус. З гаражу міліцыянеры канфіскавалі «прылады злачынства» — некалькі шклянак з фарбай і грунтоўкай, а таксама 7 пэндзляў. Сам плот пакуль застаўся некрануты.

Лукашэвіч ігнаруе кантакты з СМІ: участак ахоўвае сабака, а датэлефанавацца на хатні нумар не атрымалася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?