Увечары вайсковы нарад у складзе начальніка патрульнай групы 3-й патрульнай роты 1-га патрульнага батальёна в/ч 5525 (Гомель) старэйшага сяржанта Андрэя Ібрагімава і аўтапатрульнага яфрэйтара Дзяніса Кавалёва даставіў чарговага затрыманага на медыцынскі агляд у наркадыспансер, паведамляе прэс-служба МУС.

mvd.gov.by

mvd.gov.by

Кіроўца радавы Уладзіслаў Саветнікаў чакаў таварышаў па службе каля машыны. Нечакана ён пачуў жаночы плач, які даносіўся з боку Сельмашаўскага моста. Падышоўшы бліжэй, радавы Саветнікаў убачыў дзяўчыну на выгляд 15—16 гадоў, якая ідзе хісткай хадой па мосце. Раптам яна паспрабавала пералезці праз агароджу. Уладзіслаў крыкнуў: «Што вы робіце?». Жанчына крыху сумелася і пайшла далей. Але толькі вайсковец вырашыў вярнуцца да аўтамабіля, як убачыў, што яна ўсё-ткі пералезла праз агароджу і збіраецца скочыць уніз.

Радавы Саветнікаў кінуўся па дапамогу да начальніка патрульнай групы. У лічаныя імгненні яны вярнуліся да моста. Пакуль Дзяніс Кавалёў і Уладзіслаў Саветнікаў адцягвалі ўвагу дзяўчыны, Андрэй Ібрагімаў схапіў яе за рукі, сумеснымі намаганнямі перацягнуўшы на пешаходную дарожку моста.

Што падштурхнула дзяўчыну рашыцца на такі адчайны крок, высвятлялі ўжо ў Чыгуначным РАУС супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх, куды яе даставіў вайсковы нарад. Вядома, што ў гэты лютаўскі вечар вайскоўцы выратавалі дваіх — жанчыну і яе пакуль не народжанае дзіця.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0