Схадзілі мы на ДДТ, карацей. Але размова, уласна кажучы, — не пра канцэрт. Свіння ўсюды бруд знойдзе, ну я, значыць, за свінню.

Шаўчук, канечне, мае рэспект і ўсё такое. Праўда, я не вельмі люблю настаўнікаў, а дакладней людзей, якія пад выглядам адкрыцця шэпчуць табе на вуха банальнасці, па-сяброўску, а то і па-бацькоўску паклаўшы руку на плячо. Але гэта дробязі і прыватнасці. У гэтым жа ўвесь Юрый Юліянавіч.

Наогул, канечне, ён сапраўдны паэт. Паэт, каторы, праўда, вывучыў свае тэксты але не да канца вывучыў, што няма ніякай Белоруссіі, але гэта яшчэ адна дробная дробязь.

А цяпер — галоўнае, праз што я выйшаў з «Мінск-Арэны» злы. Амаль хворы.

Шаўчук спеў шмат сваіх старых хітоў, але ні пад адзін публіка так не шалела, як пад «Родзіну». Дык вось. Народ проста сатанеў і біўся ў канвульсіях ад «Родзіны», а ў мяне ўсё пыталі: фігля ты не скачаш, хоць і не маскаль? Чо ты стаіш як балван. Фігля ты з посным хлябальнікам круціш башкой, а?

А круціў я посным хлябальнікам і не скакаў — вось чаму. Справа ў тым, што я перад сабой бачыў нейкую гіперактыўную дзеваньку, каторая матляла галавешкай і трапляла валасамі ў твар. Якая нібы сышла наўпрост з ідэальнага фільма пра людзей, якія каўбасяцца на канцэртах. Усе яе эпілептычныя рухі былі такімі, «як у фільмах». Пад гэтую ж музыку каўбасіўся і чувак, які на выхадзе харкне на сцяну і, хістаючыся, папаўзе на прыпынак. І тысячы нейкіх безыдэйных утыркаў, калгасных цётак і дзядзек, якія настальгуюць па сваёй маладосці «на філары».

Усе яны пелі вось што: «Боже, сколько правды в глазах государственных шлюх. Боже, сколько веры в руках отставных палачей! Ты не дай ім опять закатать рукава…» Разумееце? Гэтыя інкубатарскія фанаты, безыдэйныя канфармісты. Хай там былі і іншыя людзі, нашы людзі — але ў сваёй масе…

Я спакойна стаўлюся да чалавечай баязлівасці, слабасці, хлуслівасці. Нават гатовы сказаць, што гэта ў той ці іншай ступені нармальна. Але мяне выварочвае, калі я бачу, як дробныя, дурныя, сцыклівыя, безыдэйныя чалавечкі пяюць гімны мужнасці, адчуваючы сябе судачынёнымі да гэтага акту. Гэта пачварна. І тады ж я зразумеў, што думаю не пра канкрэтна гэтых людзей на стадыёне, а пра людзей наогул.

Я ўзгадаў юнацтва. І ўзгадаў «філару», і ўзгадаў былога сябра, які вырас такім пачварным канфармістам і мудаком — што слоў няма, каб гэта перадаць. Дык вось, ён, памятаю, без голасу і слыху роў ва ўсё горла, рассякаючы ў берцах: «…ты не дай ім опять закатать рукава, ты не дай ім опять закатать рукава! Роооооодіна!» І нават цоеўскую: «Перемен! требуют наші сердца!»

А як ён любіў песню «Я получіл эту роль»! Як ён спяваў «вот хітрейшіе просто давно положілі на всё», «іх тяжелая юность прошла вдалеке от вешчей, тех, которые так переполнілі доверху нас»?! Як ён любіў…

І зараз я думаю: а што ён чуў? Што ён чуў у гэтых песнях, калі вырас вось такім і, можа быць, таксама прыпёрся учора ў Мінск Арэну, каб з астатнімі праспяваць пра тое, якія яны гераічныя і разам супрацьстаяць крывавым катам. Нейкім. Абстрактным.

А спытай іх пра Лукашэнку. Спытай, давай. А яны табе адкажуць: а чо? Бацька усе правільна дзелает! Бацька абяспечывает парадак. А разруха — яна не ў сарцірах, а ў галавах. Рооооодзіна….еду я на родзіну!

Ад гэтых пацаноў і дзяўчынак на філары вечна пахла потам. І ўчора я зноў адчуў гэты пот з усіх бакоў ад тых самых пастарэлых дзяцей філары. І іх дзяцей. Яны смярдзяць, яны пяюць, яны ніколі нічога не зразумеюць. Я люблю ДДТ. Але ДДТ для мяне пахне потам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?