Аб гэтым паведаміў старшыня аргкамітэта па стварэнні грамадзянскай ініцыятывы «Еўраперспектыва» Віктар Янчурэвіч.

Паводле яго слоў, больш за адну тысячу грамадзян падпісаліся пад зваротам супраць зацвярджэння і рэалізацыі ў прапанаваным выглядзе праекта дэталёвага планавання тэрыторыі ў межах вул. Дзянісаўскай — вул. Маякоўскага — зав. Маякоўскага — чыгункі. Подпісы перададзеныя ў адміністрацыю Ленінскага раёна Мінска, якая з 2 па 26 лютага праводзіць грамадскае абмеркаванне праекта рэканструкцыі гэтай тэрыторыі.

«Абурэнне грамадзян выклікаў намер праекціроўшчыкаў крытычна ўшчыльніць жылую забудову шматпавярховымі новабудоўлямі каля дома 23 па вул. Козыраўскай і на тэрыторыі азялененага двара па вул. Барадзінскай, 31, а таксама пашырыць вул. Велікаморскую да трох палос з арганізацыяй аўтобуснага маршруту. На думку жыхароў раёна, праект рэканструкцыі павінен служыць мэце комплекснага добраўпарадкавання тэрыторыі, стварэння спрыяльнага асяроддзя жыццядзейнасці, забеспячэнню аб'ектамі сацыяльнай інфраструктуры, паркоўкамі і стаянкамі аўтатранспарту, а не быць інструментам банальнай кропкавай забудовы свабодных участкаў жылымі дамамі павышанай павярховасці», — адзначыў Янчурэвіч.

Ён паведаміў, што «галоўнымі праблемамі раёна грамадзяне называюць слаба развітую інфраструктуру, нізкую якасць дзіцячых і спартыўных пляцовак, катастрафічны недахоп парковак, у выніку чаго вуліцы і дваровыя тэрыторыі загрувашчаныя аўтамабілямі». Праект рэканструкцыі павінен вырашаць менавіта гэтыя праблемы, а не ствараць жыхарам новыя, лічаць жыхары.

Падвядзенне вынікаў грамадскага абмеркавання павінна адбыцца 27 лютага. «Грамадзяне спадзяюцца, што іх меркаванне будзе ўлічана і праект будзе адпраўлены на дапрацоўку, а пры вырашэнні пытання не на карысць грамадскай думкі маюць намер абскардзіць рашэнне і абараняць свае інтарэсы ў вышэйшых інстанцыях», — адзначыў актывіст.

На яго думку, «праблемы пры правядзенні грамадскіх абмеркаванняў горадабудаўнічых праектаў узнікаюць з-за адхілення грамадскасці ад удзелу ў працэсе планавання».

«Ні Мінгарвыканкам, ні праектныя інстытуты не лічаць патрэбным весці камунікацыю з гараджанамі на этапе распрацоўкі праекта развіцця канкрэтнай тэрыторыі, а лічаць за лепшае сілай праштурхоўваць тое, што выгадна камусьці, але не гараджанам. Сёння ўладам горада пара задумацца аб змяненні падыходаў да горадабудаўніцтва і праектавання, выбудоўваць з грамадскасцю дыялог, а не навязваць неабдуманыя рашэнні, наступствамі якіх з'яўляюцца пратэсты, недавер і азлобленасць», — лічыць Янчурэвіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?