У сувязі з будаўніцтвам трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна пад знос трапіла 140 будынкаў і збудаванняў, у тым ліку 38 — жылых. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі 26 лютага ў Мінску паведаміў начальнік УП «Дырэкцыя па будаўніцтве Мінскага метрапалітэна» Павел Царун. 

«Летась ужо праведзены знос часткі будынкаў і збудаванняў, якія трапляюць у зону трасы метро. Гэта і адміністрацыйныя будынкі, і жылыя», — сказаў Царун. 

Паводле яго слоў, па адміністрацыйных будынках праводзіцца ацэнка, пасля гэтага ўладальнікам выплачваюцца грашовыя сродкі. Што да жылых дамоў, то некаторыя грамадзяне прынялі рашэнне атрымліваць узамен зносімага жылля грашовую кампенсацыю згодна з рыначнай ацэнкай, якая складае — у залежнасці ад долі валодання — 300-600 млн рублёў. Кошт усяго аб'екта можа складаць каля 1 млрд рублёў. Некаторыя грамадзяне выбралі спосаб кампенсацыі ў выглядзе выдзялення новага жылля ў розных раёнах горада — Каменная Горка, Кастрычніцкі, Маскоўскі, Цэнтральны раёны.

«Мы як дзяржзаказчыкі адстойваем інтарэсы дзяржавы ў выглядзе палажэнняў заканадаўства. І ў нас узнікаюць судовыя спрэчкі з уладальнікамі дамоў, якія лічаць, што ім няправільна даецца кампенсацыя за дамы, якія зносяць, лічаць, што плошча выдзеленага жылля павінна быць большай. Ёсць у нас справы, якія цягнуцца па паўтара-два гады», — сказаў Царун. Паводле яго слоў, нязнесенымі застаюцца два дамы ў раёне вуліцы Жукоўскага, адзін — каля будучай станцыі «Вакзальная» і яшчэ тры — у раёне вуліцы Клары Цэткін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?