Бюджэт на 2015 год будзе карэктавацца «па меры развіцця і праяснення сітуацыі». Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў, адказваючы на пытанні дэпутатаў палаты прадстаўнікоў 25 лютага ў Мінску. 

Пры гэтым ён падкрэсліў: урад «займаецца, першым чынам, тым, што стараецца знайсці новыя даходныя крыніцы». 

«Было прынятае рашэнне кіраўніка дзяржавы пра ўсталяванне вывазной пошліны на калійныя ўгнаенні ў памеры 45 еўра за тону. Я ведаю, што ўжо практычна прынятае рашэнне (мы ўнеслі яго кіраўніку дзяржавы) пра захаванне ў 2015 годзе рашэння пра выплату ПДК на ўвазныя тавары з краін, што знаходзяцца за межамі Мытнага саюза. Нягледзячы на крытыку бізнесу, мы прапанавалі гэтае рашэнне, бо гэта цана — 2 трыльёны рублёў для бюджэту. Мы не палічылі магчымым сёлета ад гэтай магчымасці адмовіцца», — заявіў прэм'ер. 

Акрамя таго, паведаміў Кабякоў, урад «працуе над тым, што шэраг расходных артыкулаў прытрымлівае і, можа быць, ад іх адмовіцца». Пры гэтым ён падкрэсліў, што сацыяльная скіраванасць бюджэту будзе «захоўвацца ў максімальнай ступені». 

На мінулым тыдні пра магчымасць перагляду бюджэту заявіў міністр фінансаў Уладзімір Амарын. 20 лютага, адказваючы на пытанне журналістаў, ці будуць пераглядацца параметры бюджэту з прычыны зніжэння цэн на энерганосьбіты і змянення валютных курсаў, ён сказаў: «Хутчэй за ўсё, так». 

Рэспубліканскі бюджэт на 2015 год зацверджаны ў памеры 141 трлн. 15 млрд. 941 млн. 595 тыс. рублёў зыходзячы з прагназаванага аб'ёму даходаў у 156 трлн. 717 млрд. 409 млн. 202 тыс. рублёў. Такім чынам, прафіцыт бюджэту на 2015 год складзе 15 трлн. 701 млрд. 467 млн. 607 тыс. рублёў. 

Бюджэт быў разлічаны з улікам сярэднегадавога курсу долара 11.400 беларускіх рублёў і цаны бараля нафты маркі Urals у 83 долары супраць 104 долараў у 2014 годзе. Пры гэтым ужо ў студзені ў Беларусі фактычна была праведзеная паэтапная дэвальвацыя, курс дасягнуў 15 тысяч рублёў за долар ЗША. Кошт жа нафты апошнія некалькі месяцаў няўхільна зніжаўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?