У дзіцячых рэанімацыях не хапае медсясцёр, паведаміла галоўны пазаштатны дзіцячы анестэзіёлаг-рэаніматолаг Міністэрства аховы здароўя Беларусі, загадчыца аддзялення анестэзіялогіі-рэанімацыі РНПЦ «Маці і дзіця» Аксана Свірская 24 лютага ў Мінску на нарадзе паводле вынікаў працы за 2014 год.

Укамплектаванасць сярэднім медыцынскім персаналам дзіцячых рэанімацый складае ў краіне 84% (80,9% у 2013 годзе).

«Гэтага недастаткова, каб адэкватна ажыццяўляць інтэнсіўную тэрапію і догляд цяжкіх пацыентаў», — заявіла спецыяліст.

Паводле яе слоў, у дзіцячых рэанімацыях краіны не хапае 140 медсясцёр. У 2014 годзе звольніліся 45 медсясцёр. Спецыяліст канстатавала нізкую забяспечанасць сярэднім медперсаналам і ў РНПЦ «Маці і дзіця», куды практычна не размяркоўваюць з медкаледжаў сталіцы, таму што гэта не гарадская, а рэспубліканская ўстанова аховы здароўя. Пры гэтым 70% пацыентаў РНПЦ — жыхары Мінска. Паводле слоў Свірскай, выпускнікі рэгіянальных медкаледжаў не гатовыя пераязджаць у сталіцу з-за праблем з жыллём у Мінску. 

Праблема ўкамплектаванасці ў РНПЦ вырашаецца за кошт сумяшчальнікаў, сказала галоўны пазаштатны дзіцячы анестэзіёлаг-рэаніматолаг Міністэрства аховы здароўя.

Яна паведаміла, што праблема даступнасці жылля для медсясцёр абвастрылася пасля стварэння ў пачатку 2015 года РНПЦ дзіцячай хірургіі, які аб'яднаў Рэспубліканскі дзіцячы кардыяхірургічны цэнтр і Дзіцячы хірургічны цэнтр пры 1-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска.

Медыцынскім сёстрам, якія жывуць у інтэрнатах сталіцы, прыйшло паведамленне аб тым, што яны зараз працуюць у рэспубліканскай установе, таму павінны выехаць з інтэрната, які знаходзіцца на балансе Мінгарвыканкама. «У дзіцячай хірургіі сутыкнуцца з тым, што медсёстры будуць звальняцца. Яны будуць трымацца за жыллё. Гэта вельмі сур'ёзная праблема», — сказала Свірская.

У дарослых раэнімацыях забяспечанасць сярэднім медперсаналам складае 88,9%, а ў Мінску — прыблізна 88%, паведаміў галоўны пазаштатны анестэзіёлаг-рэаніматолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік аддзела анестэзіялогіі і рэанімацыі РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак Аляксандр Дзядзько. 

Ён зазначыў, што многія праблемы з сярэднім персаналам вырашаюцца дзякуючы ўвядзенню для медсясцёр надбавак за ўдзел у высокатэхналагічных аперацыях. Разам з тым, паводле яго слоў, застаюцца пытанні рацыянальнага падыходу да працы медсясцёр, якая «выкарыстоўваецца на перавозкі, транспарціроўку хворых, працу з дакументамі замест таго, каб сачыць за пацыентамі».

У рэанімацыях для дарослых не хапае 351 рэанімацыйнай медсястры. У 2014 годзе з рэанімацый звольніліся 252 медсястры, была прынятая 341.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?