PA

PA

«Калі Расію не спыніць зараз ва Украіне, то заўтра мы ўбачым дэстабілізацыю Малдовы і балтыйскіх краін«, — заявіў брытанскі прэм'ер-міністр Дэвід Кэмеран.

Выступаючы ў камітэце па сувязях брытанскага парламента, Кэмеран адзначыў, што працяг расійскага ўмяшання ва Украіне можа прывесці да новых санкцый супраць Расіі, уключаючы трэці пакет санкцый супраць ключавых галін расійскай эканомікі.

Адказваючы на пытанне аб магчымасці прадастаўлення Украіне зброі, брытанскі прэм'ер сказаў, што пра гэта думаць пакуль не час.

Паводле яго слоў, брытанскія вайскоўцы дапамогуць украінскай арміі з падрыхтоўкай персаналу і лагістыкай, але будуць знаходзіцца «далёка ад зоны канфлікту».

Пры гэтым брытанскі прэм'ер не адмаўляе магчымасць у далейшым дапамогі Кіеву зброяй. Аднак пакуль гаворка ідзе толькі пра «несмяротную дапамогу».

Прэм'ера таксама спыталі аб магчымасці міратворчай місіі ва Украіне. На думку Кэмерана, з гэтым могуць быць праблемы, бо Расія з'яўляецца сябрам Рады Бяспекі ААН, а значыць валодае правам вета, і сумняваецца ў неабходнасці такой місіі.

«Я не думаю, што Расея паводзіць сябе як стратэгічны партнёр Еўропы», — сказаў Кэмеран.

Але неабходна працягваць працу з Расіяй па некаторых пытаннях, такім як іранская ядзерная праграма.

Прэм'ер сказаў дэпутатам парламента, што Брытанія здольная абараніць сваю паветраную прастору, маючы на ўвазе перахоп знішчальнікамі Каралеўскіх ваенна-паветраных сілаў расійскіх стратэгічных бамбавікоў ля ўзбярэжжа Карнуола на мінулым тыдні.

Магчыма, Расія спрабуе тым самым нешта даказаць, дадаў Кэмеран, але «незразумела што менавіта».

Прэм'ер-міністр Брытаніі па традыцыі перыядычна выступае па пытаннях палітыкі ўрада перад Камітэтам па сувязях палаты абшчын, якая каардынуе працу розных парламенцкіх камітэтаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?