Як паведамлялася ўчора, сайт ГУУС Мінгарвыканкама заявіў пра пошук мужчыны, якому касір банка пры здзяйсненні валютна-абменнай аперацыі памылкова выдала лішнія 45 млн. рублёў.

Таксама было размешчана відэа кліента падчас яго наведвання банка.

Дзякуючы вялікаму рэзанансу інфармацыі ў СМІ і Інтэрнэце, асоба мужчыны ўстаноўлена, паведамляе сайт мінскай міліцыі.

Ужо ўчора вечарам у міліцыю паступіла некалькі паведамленняў ад грамадзян, якія пазналі адлюстраванага на відэа мужчыну. А неўзабаве патэлефанаваў і ён сам — кіраўнік адной з мінскіх фірмаў.

Паводле яго слоў, у той дзень ён праводзіў некалькі грашовых аперацый, звязаных з досыць буйнымі сумамі. Пры здзяйсненні абмену валюты, а таксама па заканчэнні абменнай аперацыі, грошы не пералічваў, мяркуючы, што касір выдаў правільную суму. Пра тое, што касір ў яго дачыненні памылілася, даведаўся толькі ўчора ад знаёмых, якія ўбачылі ролік аб вышуку ў Інтэрнэце.

Бізнесмен запэўнівае, што ў яго не было намеру на здзяйсненне супрацьпраўных дзей, а сума не з'яўляецца настолькі істотнай, каб падманваць некага або ўводзіць у зман.

Грошы вернутыя ў поўным аб'ёме. Прадстаўнікі банка ў адрас бізнэсмэна не выказваюць прэтэнзій.

Кіраўніцтва Маскоўскага РУУС у сваю чаргу выказвае ўдзячнасць прадстаўнікам СМІ і інтэрнэт-парталаў за ўвагу да міліцэйскай інфармацыі, а таксама дзякуе актыўным грамадзянам, што адрэагавалі на інфармацыю аб вышуку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0