Унікальны археалагічны музей пад адкрытым небам створаць на замкавай гары ў Мсціславе. Пра гэта паведаміў загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя. А.Куляшова, доктар гістарычных навук, прафесар Ігар Марзалюк.

Новы аб'ект будзе створаны на месцы пачатых у мінулым годзе на замкавай гары ў Мсціславе археалагічных раскопак. Іх плануецца завяршыць вясной бягучага года і адразу прыступіць да стварэння музея. У яго аснове будуць выяўленыя рэшткі гарадзішча старажытнага Мсціслава: археолагамі раскапаны вуліцы, вымашчаныя дрэвам, рэшткі пабудоў рознага прызначэння, якія знаходзяцца на плошчы больш за 120 кв.м.

«Група рэстаўратараў правядзе працу па кансервацыі драўляных пабудоў і дэталяў маставых адмысловымі сінтэтычнымі рэчывамі, дзякуючы чаму яны прастаяць яшчэ доўгія дзесяцігоддзі», — запэўніў прафесар.

Раскоп закрые ад дажджу і сонца драўляная канструкцыя, якая будзе імітаваць княскі церам. На ўваходзе погляду гасцей, акрамя старадаўніх вуліц, адкрыецца экспазіцыя, прысвечаная жыццёваму ўкладу славян, якія засялялі ў старажытнасці гэтыя месцы. Тут будуць прадстаўлены археалагічныя знаходкі, зробленыя ў ходзе раскопак: вырабы з металаў, шкла, дрэва, гліны, косці, тканіны, у тым ліку шматлікія ўпрыгажэнні, посуд і іншыя.

«Для стварэння экспазіцыі ў нас больш чым дастаткова рарытэтных экспанатаў, знойдзеных падчас раскопак у мінулым годзе. У нас маюцца цэлыя комплексы матэрыялаў розных эпох, якія дазваляюць аднавіць рэаліі жыцця ўсходніх славян Х-ХVII стагоддзяў ад рацыёну іх харчавання да ўзроўню адукацыі і ўзбраення. Напрыклад, аб пісьменнасці нашых продкаў кажа знойдзеная берасцяная грамата XII стагоддзя (трэцяя ў Беларусі), на якой дзіця надрапала пасланне, а пра багацце жыхароў старажытнага Мсціслава сведчаць дарагія ўпрыгажэнні з Візантыі, Сірыі, Каўказа і іншых краін», — адзначыў Ігар Марзалюк.

У ліку рарытэтных экспанатаў шыферная прасніца з надпісам на кірыліцы, скураны пояс дружынніка, візантыйская чаша для віна, распісаная золатам, крыж-энкалпіён і вялікая крыштальная пацерка з Візантыі. Таксама знойдзена шмат элементаў зброі, адзення, прадметаў побыту.

«Мы ўпэўненыя, што гэтая калекцыя яшчэ больш пашырыцца дзякуючы правядзенню археалагічных раскопак у бягучым годзе. Частка з іх і будзе выстаўлена ў экспазіцыі, якую плануецца адкрыць як і археалагічны музей да рыцарскага фэсту, які пройдзе сёлета ў канцы ліпеня», — сказаў Ігар Марзалюк

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?