У дурных умовах дыктатуры на спектаклі Свабоднага тэатра ў Мінску няпроста трапіць. Не быў на паказах і ніводзін з рэдактараў «Нашай Нівы». Між тым на закрыты паказ п’есы «Зямля-2» нам прыйшлі два водгукі. Адзін — ад літаратара Андрэя Лазуткіна, кніга якога нядаўна выклікала супярэчлівую рэакцыю. Другі — ад студэнткі Кацярыны Андрэевай, некалькі артыкулаў якой нядаўна таксама выклікала спрэчкі. Як ацаніць, рэдагаваць матэрыялы пры спектакль, якога ты не бачыў? Мы пэўны час прытрымлівалі гэтыя допісы, думалі, бо надарыцца магчымасць і нам пабачыць пастаноўку. Дык не ўдалося. Каб не старэў матэрыял, публікуем тут абодва водгукі — вельмі розныя — разам, аддаём, як калісь казалі, на суд чытачоў.

Піша Андрэй Лазуткін.

7 лютага трапіў на закрыты паказ п’есы «Зямля-2» Свабоднага тэатра. Спектакль створаны з трох асобных навел драматурга Максіма Дасько. На пастаноўку ВТ прыйшоў па наводцы сяброўкі Марыі: тая сказала, што будзе нешта цікавае, сучаснае і пра каханне. Ну, кахання не было, і фіг з ім.

Навелы сюжэтна розныя, але іх аб’ядноўвае адно: устаўкі з трасянкі, ужыванне героямі бырла і замалёўкі суровага беларускага побыту.

Спектакль пабудаваны на эпатажы. Скажыце, калі ласка, чым можна эпатаваць хіпстара, які ганяе каву ў «Галерэі Ў», посціць на фэйсбуку навіны пра Украіну, цягае вышымайку пад пінжак і катаецца ў Вільню і Варшаву на выходныя? Правільна — роднай беларускай бытавухай, ад якой яму так і карціць змыцца ў шэнгенаўскую прастору.

З «Зямлі-2» сыты і барадаты хіпстар (альбо дзяўчынка з філфака) можа даведацца пра тое, як піць бырла вінтом, які ў ім працэнт спірту, што такое дэзамарфін і чаму ад яго гніюць ногі, адчуць атмасферу наркаложкі – усё адразу, вельмі душэўна і на трасяначцы. ВТ хапае хіпстара за шкірку і тыкае мордай у народ, якога хіпстар баіцца, не разумее і звычайна абыходзіць па парабалічнай траекторыі. Народ адлівае на сценку паліклінікі, народ прывязаны да койкі ў наркалагічным аддзяленні, народ купляе «Таёту» і бухае з пацанамі на страшных абрыганых хатах.

Хіпстару пад мацярок і трасяначку паказваюць страшненькія і смешныя малюначкі з Зямлі-2. Гэтую Зямлю-2 беларускі хіпстар бачыць кожны дзень за акном, у вагоне метро, у шкле тэлевізара — і яна ўхмыляецца яму з-пад насунутай на вочы шапкі, просіць сігу, пахне злітай салярай, «Жыгулямі» і півам «Аліварыя». Але беларуская багема ў вышымайках жыве на сваёй Зямлі-1, і праблемы Зямлі-2 ёй да фені — бо гэта свет быдла, лукашыстаў, Бэтэ, алкаголікаў і пісьменнікаў-камуністаў.

«Адчуваю,..ля, п..ец усяму. П…ец,..ля», — шэпча галоўны герой.

Але гэта яшчэ не п…ец.

З другой навелы глядач даведваецца пра Лёшу, які «не злы», але ў якога працоўны дзень чамусьці не задаўся, усё валіцца з рук — і Лёша шалёна пачынае п…іць усіх запар. Ну, каб я быў Сартрам, я б сказаў, што гэта пратэст моладзі супраць буржуазнай (сацяльнай рынкава-арыентаванай?) рэчаіснасці, нейкі бунт маленькага чалавека і гэдэ. Але я не Сартр, і таму логікі Лёшы і драматурга не зразумеў. Напрыканцы Лёша, які ўсіх адмудохаў і паслаў на х..й, плача пад песню пра ката-ўрода. Кароча, усё вельмі канцэптуальна.

Апошні, дэмбельскі акорд — гісторыя сантэхніка Гены «с Ракава», які паехаў у Лондан на конкурс народных рамёстваў. Хіпстара-гледача, які трохі засумаваў, зноў цягнуць у народ — хіпстар даведваецца, што такое «шампалоўка», як чысціць каналізацыю ў «костюме изолированном химическом», як мяняюць краны ў жаночай лазні (адно вока на кран, другое — на жанчынак). Гена распавядае няхітрую гісторыю свайго жыцця — трубы, насосы, шлюб па залёце, зона, саломапляценне, УДВ, вяртанне да сантэхнічнай працы.

І вось Гена ў Лондане. Ён бачыць іншае жыццё, дзе ўсё «па-багатаму». Гену падабаецца – але дзень-два, і яго зноў цягне ў Беларусь, да труб, гаўна і насосаў. У самалёце «Белавія» Гена катае між зубамі цукерку і плача. Шчаслівы, што вярнуўся.

Дзякуй акцёрам за выдатную гульню і за цікавыя пастановачныя хады (якія — не скажу, ідзіце і глядзіце). Але як ставіцца да спектакля – я не разумею. Калі гэта сарказм і здзек з усёй няхіпстарскай Беларусі (якая складае 99% навакольнай рэчаіснасці), здзек з беларуса, якога ад «нармальнага» жыцця цягне назад у гаўно — то я супраць. Але шчыра скажу, што палітычнай ангажаванасці я не адчуў (хоць, вядома, меркаваў, што яна будзе, калі ішоў на падпольную пастаноўку «для сваіх», дзе быў «чужым»).

Увогуле, я за — за трасянку, за мат, за бырла, за побыт і чарнуху, за такую драматургію. Яе цікава глядзець, бо гэта частка нашага (майго?) жыцця, і нешта падобнае лезе са старонак маёй прозы. Белліт і белтусоўка, да якой я не належу, будуе вакол сябе нейкае штучнае, стэрыльнае асяроддзе — там вучацца на Каліноўцы, там п’юць каву ў Варшаве і Вільні, там скачуць вершнікі і тырацца дзідамі, там ВКЛ перамагае маскалёў і здаровы сэнс, там чакаюць вяртання Зянона і часам мараць пра скураныя штонікі — але, дзякуючы такім спектаклям, бырла, бытавуха, мат, бруд і рэальнае жыццё праломваюць забор штучнага беларускага гета.

А пакуль што беларускі хіпстар ведае пра народ толькі тое, што посцяць у фэйсбук-суполках тыпу «Саўрыменнай беларускай трэш-культуры». Нейкія страшныя і смешныя карцінкі. Агратрэш для хіпстараў.

ПС.

На жаль, пасля спектакля акцёр, які граў Гену, сказаў нам з сяброўкай, што ён бы хацеў, у адрозненне ад сантэхніка Гены, зваліць адсюль назаўжды. Ну што ж, вольнаму воля.

А мы пакуль застаёмся.

Піша Кацярына Андрэева.

А шостай гадзіне ў лютым у Мінску пачынае змяркацца. Ціхі зімовы вечар павольна ахінае горад, пачынаючы з прыгарада, разпаўзаецца па сумных шырокіх вуліцах мікрараёнаў. Мне заўсёды падавалася, што вечар нараджаецца па-за межамі горада і адтуль наплывае ў цэнтр, нібыта вялізная хваля-цунамі.

У тралейбусе цёпла ад дыхання стомленых дзённай працай людзей, абыякавыя твары, запалыя шчокі, блакітныя, амаль белыя вочы састарэлых мужчын, што едуць дахаты пасля змены на заводзе. Размовы па мабільным. Смех падлеткаў — яны ўбачылі смешную карцінку ў інтэрнеце. А пахі — гэта асобная тэма. Танны адэкалон, танныя цыгарэты, танны алкаголь. Ну, дарэчы, не танны — а такі, які яны могуць сабе дазволіць. І гэтак заўсёды. Мне цікава: аб чым думае вось гэтая жанчына нявызначанага ўзросту? Яе жорсткія валасы пафарбаваныя ў жудасна-бронзавы колер тры месяцы таму, калі яшчэ былі грошы на цырульню. Як зрабіць так, каб яна ўсміхнулася? І ці патрэбна ёй усміхацца? Калі верыць, што кожнаму з нас ад нараджэння была дадзеная невядомым рэжысёрам пэўная роля, то можа ў яе ролі няма ўсмешкі?

Магчыма, надыходзіць час, калі кожны творчы чалавек задае сабе два пытанні: 1) якая роля мастацтва ў маёй краіне? 2) якая мая роля ў мастацтве?

У суботні вечар мы з сябром (дарэчы, даволі папулярным маладым пісьменнікам) пайшлі ў тэатр. Але там не было квіткоў, гардэроба ці партэра. То быў незвычайны тэатр — Belarus Free Theatre, альбо Беларускі свабодны тэатр. Гэта творчае аб’яднанне, якое складаецца з рэжысёра, некалькіх асістэнтаў і, непасрэдна, акцёраў. Прынамсі, большасць з гэтых людзей не з’яўляюцца прафесіяналамі ў тэатральным мастацтве — у кожнага быў свой шлях.

Belarus Free Theatre быў утвораны яшчэ ў 2005 годзе — сёлета ў іх юбілей. Ініцыятыва нарадзілася з пратэсту супраць афіцыйных поглядаў на тэатр у нашай краіне. То была спроба развіць сапраўды незалежнае мастацтва — большасць п’ес з рэпертуара, натуральна, не прайшла б дзяржаўную цэнзуру: спектаклі на палітычную, вострасацыяльную тэматыку ніколі не карысталіся поспехам у цэнзараў з Міністэрства культуры. Напрыклад, апошні раз, калі я бачыла шчырае праяўленне беларушчыны на тэатральнай сцэне – гэта 2006 год, поўны аншлаг на «Тутэйшых» у Тэатры Янкі Купалы.

У Беларускі Свабодны тэатр я прыйшла ўпершыню. Твары людзей навокал занадта рэзка адрозніваліся ад карціны ў транспарце — відавочна моладзь з альтэрнатыўнымі поглядамі на рэчаіснасць, зацікаўленасць у вачах… Многія таксама апынуліся тут першы раз.

Адразу спадабалася атмасфера падполля, такога мясцовага андэграўнду, быццам выцягнутага наўпрост з пачатку двухтысячных. Маленькае памяшканне на ўскраіне Мінска, прыглушанае святло, сядзенні на адным узроўні з імправізаванай сцэнай. Публіка заінтрыгаваная. І вось, пасярэдзіне залы неўзабаве ўзніклі акцёры, зайграла музыка. Пачынаецца дзея.

Спектакль, які мы глядзім, называецца «Зямля-2» і ўключае ў сябе трыпціх паводле п’есаў Максіма Дасько, пастаўленых рэжысёрам Уладзімірам Шчэрбанем.

Першая частка — «Тытан», у ёй распавядаецца пра сумныя алкагольныя прыгоды з маладосці 34-гадовага супрацоўніка Акадэміі навук, які цяпер змяніў месца жыхарства – з Зямлі на Тытан. Увесь час галоўны герой размаўляе з гледачамі праз вэб-камеру Скайпа, выява праз праектар адбіваецца на сцяне па-за яго спінай — цікавы ход! Адчуванне, што ён сапраўды тэлефануе з іншага, фантастычнага месца ў нашае звыклае жыццё.

Але на такім незвычайным фоне разгортваецца зусім звычайная гісторыя з жыцця моладзі «на раёне» — таннае пладовае віно ў пад’ездзе, першая купленая машына — старая «Таёта Карола», п’яная бойка з-за дзяўчыны на кухні пяціпавярхоўкі. У выніку герой хоча паказаць сябрам фокус «Трубадур» — выпіць бутэльку залпам — і трапляе ў бальніцу, атруціўшыся «бырлам». Там яго, вядома, выратоўваюць. Але ці рады ён сам? Падаецца, што не вельмі, бо яго маладое жыццё на Зямлі ўжо даўно страціла сэнс. Адзінае выйсце — іншая планета, Тытан. Прыродныя ўмовы там нават нагадваюць зямныя — навукоўцы даказалі! Тут я ўзгадала адзін стары савецкі анекдот.

Ляцяць у космасе савецкія і амерыканскія астранаўты. Амерыканец кажа:

— О, я бачу людзей! Вельмі прыемна, што ў Савецкім Саюзе грамадзяне так захапляюцца астраноміяй! Усе з тэлескопамі!

— Гэта яны проста з гарла п’юць.

…Далей — цікавей. Публіка ўжо праніклася атмасферай датычнасці да гэтага фантасмагарычнага дзеяння. Мы больш не тут, мы — цалкам у спектаклі. Другая частка трыпціха носіць назву «Спачуванне».

Размова тут пойдзе пра крыніцы агрэсіі «маленькага чалавека», прычыны нянавісці да ўсяго і да ўсіх — і пра літасць да людзей (і да жывёл?). Як цікавы акцэнт, у якасці прадмета для спачування гледачам прапаноўваюцца галоўны герой, тыповы лузэр і — дваровы кот, драны і няшчасны — але на сцэне з’яўляецца вельмі сімпатычны хатні руды коцік!

Як я зразумела, справа ў параўнанні нікому не патрэбнага чалавека з гэтым катом. Зразумела, што такое параўнанне не нясе вялікай сэнсавай нагрузкі — чалавек, у адрозненне ад ката, мае выбар, якім складаным не было б жыццё. Мае шанец самому знайсці каханне і натхненне для далейшага існавання. Напэўна, я занадта веру ў людзей… Дарэчы, акцёры размаўляюць на рускай (а часам — на стылізаванай трасянцы), відаць, па-іншаму рэжысёр раённых гопнікаў не ўяўляў.

Ужо амаль зусім расчараваная, я выйшла пакурыць на двор. Там я пачула захопленыя водгукі маладзёнаў, што стаялі побач і размаўлялі паміж сабою. Навокал у кватэрах гарэла святло, жыццё ішло як заўсёды, людзі там не думалі пра сваю ролю ў мастацтве, ні пра ролю мастацтва ў краіне, ні пра літасць. Яны думалі пра тое, чым павячэраць.

Вяртаюся ў цёплае памяшканне пасля антракта — нас чакае яшчэ адна, апошняя частка трыпціха — «Лондан». 34-гадовы Гена з Ракава працуе на каналізацыйнай станцыі ў мястэчку Азярцо, што пад Мінскам. Ён за свой век паспеў ажаніцца, нарадзіць сына, развесціся, пасядзець за кратамі. Добра разбіраецца ў прыладах для чысткі каналізацыі, ведае іх кошт, колер і як імі граматна карыстацца. Пасля вызвалення больш не п’е. Мае старых бацькоў, з якімі і жыве. Яшчэ ў турме Гена захапіўся пляценнем з саломкі. На свабодзе знайшоў у інтэрнеце сайт і нават форум, прысвечаны аматарам народных рамёстваў.

Усё дзеянне адбываецца ў саломе, яна раскіданая наўпрост па сцэне, што прыдае дзеянню аўтэнтычнасць — пахі і гукі рэальныя.

Трэба заўважыць, што акцёр быў сапраўдным, жывым Генам — пачуцці і думкі гэтага чалавека акцёр адлюстроўваў як свае ўласныя, падавалася, што сам Гена распавядае мне сваю дзіўную гісторыю. Пра тое, як трапіў на конкурс аматараў саломкі ў Лондан, пра нежаданне развітвацца з Беларуссю, родным Ракавам, каналізацыяй…

Уся феерыя саломкі і настальгіі завяршылася ўсеагульным спяваннем Саладухі на біс. «Каліна, каліна — такіе дела».

Іронія відавочна.

Безумоўна, хтосьці ўбачыў толькі агратрэш, такі модны і тэндэнцыйны сёння.

Але я не ўбачыла злога здзеку з прыязнасці беларусаў «да роднага балота», хутчэй наадварот — шчымлівыя перажыванні Гены, якому роднае лайно даражэйшае за Біг Бэн, успрымаліся мною як мае асабістыя. Толькі чалавек, які пражыў не адзін год у расстанні з Радзімай, можа на сто адсоткаў зразумець дзівака Гену.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0