Судовая калегія па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда 19 лютага адмовіла ў задавальненні касацыйнай скаргі праваабаронцы Алены Танкачовай на рашэнне аб яе высылцы з Беларусі. 

Гэта быў апошні этап абскарджання, які дазваляў Танкачовай заставацца ў краіне. Да 21 лютага яна павінна пакінуць Беларусь. 

Нагадаем, 5 лістапада мінулага года УУС Першамайскага раёна Мінска прадпісала Танкачовай на працягу месяца пакінуць Беларусь і забараніла ёй наведваць краіну найбліжэйшыя тры гады. Падставай для такога рашэння сталі зафіксаваныя відэакамерамі факты нязначнага перавышэння хуткасці аўтамабілем, які належыць Танкачовай. 

Праваабаронца гэтае рашэнне абскардзіла. Працэс абскарджання прадугледжвае прыпыненне прадпісання аб высылцы на тры месяцы — па месяцы на абскарджанне ў кожнай з прадугледжаных інстанцый. 

12 снежня праваабаронцы адмовілі ў задавальненні скаргі ў першай інстанцыі — ГУУС Мінгарвыканкама. 13 студзеня аналагічнае рашэнне вынес суд Першамайскага раёна Мінска. 

Грамадзянка Расіі Алена Танкачова жыве ў Беларусі прыкладна 30 гадоў. На працягу 20 гадоў Танкачова і Цэнтр прававой трансфармацыі, які яна ўзначальвае, аказваюць прафесійную юрыдычную і экспертную падтрымку некамерцыйным арганізацыям Беларусі, а таксама ў сітуацыях з парушэннямі правоў чалавека. 

Грамадскія актывісты сабралі сем тысяч подпісаў пад просьбай не высылаць Танкачову з краіны. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці лічаць дзеянні ўлад непрапарцыянальнай і палітычна матываванай санкцыяй, звязанай з прафесійнай дзейнасцю праваабаронцы. А некаторыя мяркуюць, што рашэнне аб высылцы Алены Танкачовай па значнасці параўнальнае з арыштам аднаго з лідараў праваабарончага руху Беларусі Алеся Бяляцкага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?