У першай дэкадзе красавіка эксперты з Беларусі і бліжняга замежжа абяруць для Experty.by лепшыя плыткі года. Галоўным прызам аўтару Альбому года стане падтрымка канцэрту ад «Атлант Тэлекам», генеральнага партнёра прэміі.
Пераможцы будуць абраныя ў намінацыях:
- Альбом года
- Найлепшы дэбютны альбом
- Найлепшы поп-альбом
- Найлепшы рок-альбом
- Найлепшы фольк-альбом
- Найлепшы інструментальны альбом
- Найлепшы беларускамоўны альбом
Таксама альбомы, на якія былі напісаныя рэцэнзіі экспертамі парталу, пазмагаюцца за:
- Прыз штатных экспертаў
- Прыз вялікага журы
- Прыз замежных экспертаў
- Прыз народных экспертаў
Штатнымі экспертамі выступаюць Змецер Бескаравайны, Сяргей Будкін, Ягор Цывілька і Аляксандр Чарнуха. Вялікае журы будзе складацца з 16 беларускіх журналістаў, у склад замежнага журы ўвайдуць па адным эксперце з пяці краін-суседзяў Беларусі. Народнымі экспертамі стануць карыстальнікі парталу, якія аддалі голас за прынамсі 15% альбомаў года і не ставілі толькі адмоўныя адзнакі.
У большасці намінацый пераможцы будуць абраныя галасаваннем адразу чатырох журы — штатных экспертаў, вялікага журы, замежных і народных экспертаў.
Азнаёміцца з рэгламентам можна тут.
***
У мінулым годзе Experty.by назвалі Альбомам года «Последний альбом» Сяргея Пукста і праекту Pukstband, найлепшым беларускамоўным альбомам стаў «Адпусці» гурта BosaeSonca, а замежныя эксперты адзначылі «Forever I Am» электроншчыка (((О))).
***
За 2014 год найлепшыя адзнакі чатырох штатных экспертаў атрымалі альбом Tonqixod «Прадмова» і альбом Port Mone «Thou» (абодва ў сярэднем 9,5 балаў з 10).





